2015-11-27 11:12:00

Святы Айцец наведаў трушчобы Найробі


27 лістапада 2015 г. папа Францішак сустрэўся з жыхарамі кварталу Канджэмі – аднаго з самых бедных раёнаў кенійскай сталіцы, Найробі. Святы Айцец наведаў яго ў рамках свайго Апостальскага падарожжа ў Афрыку, якое здзейсняе ў гэтыя дні. Сустрэча прайшла ў мясцовай парафіі св. Юзафа, рамесніка. У ёй прынялі ўдзел жыхары іншых вялікіх трушчобаў Найробі. Пантыфік выслухаў некалькі сведчанняў і паглядзеў кароткі фільм аб жыцці мясцовага насельніцтва, аб яго штодзённых цяжкасцях і радасцях. 

“На самой справе, тут я адчуваю сябе як дома, раздзяляючы гэты момант з братамі і сёстрамі, якія, не пасаромлюся сказаць, займаюць асаблівае месца ў маім жыцці і маіх рашэннях. Я тут, таму што хачу, каб вы ведалі, што вашы радасці і надзеі, вашы трывогі і пакуты мне не абыякавы. Я ведаю пра цяжкасці з якімі вы сустракаецеся дзень за днём. Як можна не асудзіць несправядлівасць, якую вы перажываеце?”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што бедныя кварталы, характарызуюцца асаблівай мудрасцю, крыніца якіх у каштоўнасцях, пра якія грамадства дабрабыту, здранцвелае ад няспыннага спажывецтва, здаецца ўжо забыла. “Вы ў стане завязваць “сувязі прыналежнасці і суіснавання, перамяняючы шматлюднасць у досвед супольнасці, дзе ламаюцца сцены ўласнага “я” і пераўзыходзяцца бар’еры эгаізму”, - сказаў Папа. Гэта каштоўнасці, якія грунтуюцца на прызнанні таго, што кожны чалавек важнейшы за ідала, імя якому грошы. “Дзякую за тое, што нагадалі пра існаванне іншага тыпу культуры, якая магчыма”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Прызнанне гэтых праяваў добрага жыцця, якія развіваюцца сярод вас штодзённа, ніякім чынам не азначае ігнаравання жудаснай несправядлівасці гарадской маргіналізацыі. Гэта раны, якія наносяць меншасці, што трымаюць уладу, багацці і іх эгаістычна растрачваюць, у той час як растучая большасць, павінна ўцякаць на пакінутыя, забруджаныя, занядбаныя перыферыі”, - сказаў Святы Айцец.

Цяжкай праблемай, паводле Францішка, з’яўляецца адсутнасць доступу да інфраструктуры і базавых паслугаў, асабліва пітной вады. У такіх умовах павялічваецца ўзровень насілля з боку арганізаванай злачыннасці, якая дзеля эканамічных і палітычных інтарэсаў, даходзіць да выкарыстання дзяцей у якасці “гарматнага мяса” у сваіх крывавых справах. Гэта ўсё з’яўляецца наступствам новых формаў каланіялізму, якія разглядаюць Афрыку ў якасці часткі механізма і імкнуцца “легітымізаваць актуальную мадэль размеркавання, у якой меншасць, адчувае сябе ў праве спажываць ў такіх прапорцыях, што немагчыма абагульніць”. Францішак асудзіў таксама стратэгіі штучнага стрымання нараджальнасці, якія навязаваюцца афрыканскім краінам і заклікаў адплаціць экалагічную пазыку жыхарам кантынента праз гарантаванне ім сакральнага права на зямлю, дом і працу.

Напрыканцы сваёй прамовы ён звярнуўся з заклікам да ўсіх хрысціян, асабліва душпастыраў, абнавіць свой місійны запал, узяць ініцыятыву супраць шматлікіх несправядлівасцяў, уключыцца ў вырашэнне праблем гараджан, суправаджаць іх у барацьбе, бараніць плёны калектыўнай працы і разам святкаваць кожную малую і вялікую перамогу.  








All the contents on this site are copyrighted ©.