Хрысціяне Цэнтральнай Афрыкі пакліканы быць рамеснікамі “чалавечага і духоўнага абнаўлення сваёй краіны”, перамагаючы абыякавасць, насілле і інстынкт разбурэння, які на працягу апошніх гадоў характарызаваў гэту частку кантынента, адзначыў Папа падчас Эўхарыстыі на тэрыторыі вялізарнага спартыўнага комплексу ў Бангі. Пантыфік заклікаў да сяброўства, дыялогу, прабачэння і адказнасці за будаванне больш справядлівага і братэрскага грамадства.
Св. Імша прайшла ў радаснай атмасферы: з музыкай і харэаграфіяй, уласцівымі інкультурацыі хрысціянства ў афрыканскі кантэкст. Перад чытаннем літургічнага ўрыўку з Евангелля прагучала традыцыйная кампазіцыя на афрыканскім барабане, якая апавяшчае аб надыходзе важнай навіны. У працэсіі ахвяравання дароў вернікі неслі экзатычныя фрукты. Пастарал, які выкарыстоўваў Святы Айцец, быў зроблены з распаўсюджанага тут чорнага дрэва. Ён быў падараваны парафіяльнай супольнасцю мясцовай архікатэдры.
У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на важнасць збірання вакол Бога, асабліва ў сітуацыях няўпэўненасці, цяжкасцяў ці страху, “каб радавацца Яго прысутнасці, новаму жыццю і збаўленню, якое Ён прапануе ў якасці іншага берагу, на які павінны перабрацца”. “Гэтым “іншым берагам”, канешне, з’яўляецца вечнае жыццё, Неба, дзе нас чакаюць”, - сказаў Пантыфік.
Францішак нагадаў, што менавіта ўзіранне ў будучы свет заўсёды падтрымлівала мучаніцтва хрысціян, самых бедных і малых у іх жыццёвым пілігрымаванні. “Вечнае жыццё – гэта не ілюзія, не ўцяканне ад свету. Яно з’яўляецца моцнай рэчаіснасцю, якая нас кліча і абвязвае да вытрывання ў веры і любові”, - адзначыў ён.
Пантыфік перакананы, што кожны ахрышчаны павінен пазбаўляцца таго, што ў ім засталося ад “старога, грэшнага чалавека, заўсёды гатовага адгукнуцца на заклік злога – і таго, што ён чыніць у нашым свеце і ў гэтым часе канфліктаў, нянавісці і вайны – які вядзе да эгаізму, закрытасці ў сабе і недаверу, насілля і інстынктаў знішчэння, помсты, пагарды і эксплуатацыі слабейшых”.
Папа заклікаў вернікаў Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі трываць у місійным энтузіязме. “Кожны з нас пакліканы быць пасланнікам, якога наш брат, незалежна ад яго этнічнага паходжання, рэлігіі і культуры, чакае, часта нават не ведаючы аб гэтым”, - сказаў Святы Айцец.
Эўхрыстыя ў Бангі стала апошнім пунктам Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Афрыку. Пасля яе заканчэння Пантыфік накіраваўся ў аэрапорт, адкуль выляцеў у Рым.
All the contents on this site are copyrighted ©. |