2015-12-01 11:17:00

Францішак падвёў вынікі сваёй афрыканскай пілігрымкі


Папа Францішак 30 лістапада 2015 г. даў імправізаваную прэс-канферэнцыю на борце самалёта падчас вяртання са свайго афрыканскага падарожжа ў Рым. Яго спыталі пра ўражанні ад візіту ў трушчобах Кангемі, пра адсутнасць доступу да чыстай вады, а таксама пра тое, што трэба зрабіць, каб пакласці канец несправядлівасці? Пантыфік паўтарыў неаднаразова агучаную праз сябе думку, што ў цэнтр сённяшняй эканамічнай сістэмы пастаўлена “ідалапаклонства грошай. Ён не хаваў, што ў трушчобах адчуў моцны боль. Святы Айцец падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі аб візіце ў дзіцячую бальніцу ў Бангі, адзіную такога роду ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Малым пацыентам не хапае ежы і большасць з іх па прычыне недаядання не могуць перамагчы малярыі. Папа выказаў перакананне, што калі людзі не зменяць сваё стаўленне, беды, трагедыі, войны будуць працягвацца, дзеці будуць паміраць ад голаду.

Францішак падзяліўся планамі наступных замежных падарожжаў. Ён адзначыў, што калі ўсё пойдзе добра, мэтай яго чарговай пілігрымкі стане Мексіка, але даты пакуль не вядомыя, і дадаў, што хацеў бы наведаць санктуарый Маці Божай Гвадэлупскай, а таксама тры ці чатыры гарады, якія ніколі не наведвалі яго папярэднікі: Ч’япас, Марэль і Сьюдад-Хуарэс. Папа прызнаўся, што ў 2017 г. яго запрасілі ў Апарэсіду ў Бразіліі, адкуль ён мог бы таксама паехаць у іншую краіну, але канкрэтных планаў такой паездкі пакуль няма.

Пантыфік не хаваў, што Афрыка зрабіла на ім вялікае ўражанне. Ён адзначыў, што кожная з трох краін мае сваю тоеснасць: Кенія – краіна дастаткова сучасная і развітая, Уганда можа ганарыцца сваімі мучанікамі, і каталіцкімі, і англіканскімі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка жадае міру, паяднання і прабачэння. 

Прагучала пытанне і адносна нядаўняга інцыдэнту з уцечкай ватыканскіх канфідэнцыйных дакументаў і судовага працэсу па гэтай справе. Папа не хаваў, што прызначэнне кс. Лусіа Анхеля Вальеха Бальда і спадарыні Франчэскі Шаўкі ў якасці членаў Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду было памылкай. “Для мяне гэта не было нечаканасцю”, - прызнаўся Францішак і выказаў упэўненасць у тым, што ў ходзе судовага працэсу праўда будзе высветлена. Папа запэўніў, што працэс “ачышчэння” ў Ватыкане працягнецца.

Журналісты таксама спыталіся аб магчымасці змены вучэння Касцёла на тэму выкарыстання кантрацэптываў у кантэксце эпідэміі СНІДу. Папа адзначыў, што гэта толькі адзін з метадаў. Мараль Касцёла адносна яго знаходзіцца “ў пэўнай збянтэжанасці”. Але часта за гэтым пытаннем жадаюць схаваць сапраўдныя праблемы Афрыкі: недаяданне, эксплуатацыю, рабскую працу, адсутнасць пітной вады, сацыяльную несправядлівасць.

Адно з пытанняў датычыла канферэнцыі па зменах клімату, якая пачалася ў Парыжы. Святы Айцец лічыць, што ў гэтай галіне рашэнні павінны быць прыняты зараз або ніколі. “Мы знаходзімся на грані самагубства, калі выкарыстоўваць моцныя тэрміны, і я ўпэўнены, што амаль усе прысутныя ў Парыжы ведаюць гэта і хочуць зрабіць нешта”, - сказаў ён.

Апошняе пытанне тычылася драматычнай сітуацыі на афрыканскім кантыненце. Папа падкрэсліў, што Афрыка заўсёды выкарыстоўвалася іншымі дзяржавамі, напрыклад, падчас рабства. І сёння ёсць сілы, якія імкнуцца ўзяць пад кантроль вялікія багацці гэтага кантынента, не думаючы аб дапамозе ў развіцці і забеспячэнні працы мясцовых жыхароў. “Афрыка з’яўляецца мучаніцай эксплуатацыі. Тыя, хто кажуць, што з Афрыкі бяруцца ўсе няшчасці і войны, не ведаюць той шкоды, якую прычыняюць чалавецтву некаторыя формы развіцця. І вось чаму я люблю Афрыку, таму што яна стала ахвярай іншых дзяржаў”, - прызнаўся Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.