2015-12-01 14:19:00

Афрыканскія СМІ з удзячнасцю пра візіт Святога Айца


Афрыканскія сродкі масавай інфармацыі, і асабліва тых краін, якія 25-30 лістапада 2015 г. наведаў Папа – Кеніі, Уганды і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі – вельмі станоўча адзываюцца аб Францішку. Кенійская “Daily Nation” хваліць яго, як “самага прагрэсіўнага і самага сціплага рэлігійнага лідэра на працягу апошніх дзесяцігоддзяў”. Вялікае ўражанне ў сэрцах і розумах кенійцаў пакінулі “прастата, велізарная сціпласць і спакойны аўтарытэт” Францішка. Таксама мясцовая “The Star” падзякавала Папу за “шматбаковы і паспяховы” візіт у краіне.

СМІ ва Угандзе, якая стала другой мэтай афрыканскага падарожжа, адзначаюць аб’яднальную ролю Святога Айца. Гэты “чароўны Папа” паяднаў ворагаў і няверуючых, напісала “The Observer”. Газета паінфармавала аб пары разведзеных палітыкаў, якія пасля многіх гадоў упершыню размаўлялі адно з адным падчас сустрэчы з Францішкам у “State House”. Падчас візіту Пантыфіка многія палітычныя супернікі адмовіліся ад спрэчак. У якасці найбольш кранальнага моманту візіту Папы ўвойдзе ў гісторыю поціск рукі пасля 16 гадоў спрэчак паміж прэзідэнтам Ёверы Мусевені і яго сталым супернікам Кізза Бесіджэ.

У Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, апошнім этапе падарожжа ў Афрыку,  тэлеканал “Corbeau News” з задавальненнем падкрэсліў, што катэгарычнае пасланне Пантыфіка было адрасавана ў асноўным да “кіруючага класа і самых багатых у краіне”. “Radio France International”, папулярнае тут, назвала візіт Папы “сімвалічным”, бо падарожжа ў краіну, ахопленую грамадзянскай вайной, прайшло пад знакам “міру, бяспекі і паяднання”. Вэб-партал “Les Plumes” назваў Святога Айца “адважным чалавекам”, які ўзяў на сябе візіт у краіну са складанай сітуацыяй у галіне бяспекі. “Ён прыехаў да нас, каб паказаць свету, што мы ўсё яшчэ існуём і з’яўляемся часткай гэтага свету”, - напісана ў каментары на цэнтральнаафрыканскім вэб-партале.








All the contents on this site are copyrighted ©.