2015-12-01 14:56:00

Святы Пасад на парыжскім кліматычным саміце


Неабходна пагадненне па клімаце, якое дасць ясны этычны напрамак для абароны чалавечай годнасці, асабліва самых патрабуючых, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас міжнароднай Канферэнцыі па клімаце, якая 30 лістапада 2015 г. пачалася ў Парыжы. У якасці кіраўніка дэлегацыі Апостальскай Сталіцы, пурпурат пераказаў удзельнікам форума словы падтрымкі і заахвочвання з боку Францішка. 

На думку Святога Пасаду, пагадненне па клімаце павінна грунтавацца на трох стаўпах. Першы – гэта прыняцце ясных этычных прынцыпаў. “Мы добра ведаем, што найбольш уразлівыя да феномену кліматычных змен асобы – гэта самыя бедныя і будучыя пакаленні, якія адчуюць на сабе іх самыя цяжкія наступствы, не будучы за іх адказнымі”, - сказаў кардынал Паралін. Ён перакананы, што чалавецтва павінна ўмацаваць свядомасць таго, што з’яўляецца адзінай сям’ёй, у якой няма месца для так званай глабалізацыі абыякавасці. Важна, каб гэта пагадненне грунтавалася як на прызнанні этычнага імператыву для дзейнасці ў кантэнсце глабальнай салідарнасці, так і на супольнай і асабістай адказнасці, згодна з адпаведнымі здольнасцямі і ўмовамі.

Другі фундаментальны элемент міжнароднага пагаднення па клімаце, на думку прадстаўніка Святога Пасаду, заключаецца ў тым, каб вызначыць напрамак дзейнасці ўсіх зацікаўленых бакоў: палітычных уладаў, прадпрымальнікаў, навукоўцаў і грамадскай супольнасці. Трэба з рашучасцю крочыць да эканомікі з нізкім выдзяленнем вугляроду і да інтэгральнага чалавечага развіцця. У дадзеным кантэксце кардынал звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць багатых краін, якія павінны даць прыклад, дапамагаючы больш патрабуючым краінам рэсурсамі для развіцця палітыкі і праграм па ўстойлівым развіцці.

Трэці важны элемент фінальнага дакумента парыжскага форума – гэта позірк у будучыню. Патрэбны празрысты і эфектыўны кантроль за паказчыкамі ў дасягненні пастаўленых мэтаў і сур’ёзныя адносіны да прыняцця ўстойлівых мадэляў вытворчасці і спажывецтва, а таксама новага стылю жыцця. Сённяшні стыль, разам з культурай адчужэння, не можна назваць устойлівым, сказаў кардынал і заклікаў выключыць яго з мадэляў выхавання і развіцця. 

Напрыканцы сваёй прамовы пурпурат нагадаў пра заклік папы Францішка, каб прынятае пагадненне спрыяла памяньшэнню наступстваў кліматычных змен, барацьбе з беднасцю і ахове годнасці чалавечай асобы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.