2015-12-08 12:21:00

Святы Айцец: Год Міласэрнасці – гэта дар ласкі


Год Міласэрнасці – гэта дар ласкі, адзначыў папа Францішак 8 снежня 2015 г. у гаміліі падчас св. Імшы на адкрыццё Юбілею. Спасылаючыся на просты і вельмі сімвалічны жэст адкрыцця Святых Дзвярэй, а таксама біблійныя тэксты, якія прагучалі падчас літургіі, Францішак заўважыў, што тут на першае месца пастаўлена “першынства ласкі”. “Паўната ласкі ў стане перамяніць сэрца і ўчыніць яго здольным да такіх вялікіх спраў, якія могуць змяніць гісторыю чалавецтва”, - сказаў ён.

Узгадваючы пра ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца ў Касцёле 8 снежня, Папа падкрэсліў, што яна выражае “веліч любові Бога”. Пан пажадаў пазбавіць Марыю першароднага граху, які кожны чалавек нясе на сабе, калі прыходзіць на свет.

Францішак заўважыў, што чалавек заўсёды сустракаецца са спакусай непаслухмянасці, якая выражаецца ў імкненні планавання ўласнага жыцця незалежна ад Божай волі. У той жа час, гісторыю граху можна зразумець толькі ў святле любові, якая прабачае. “Калі б усё трывала ў граху, мы былі б самымі няшчаснымі сярод усіх стварэнняў, але абяцанне перамогі любові Хрыста заключае ўсё ў міласэрнасці Айца”, - патлумачыў Папа.

Год Міласэрнасці – гэта дар ласкі. Праход праз Святыя Дзверы азначае адкрыццё глыбіні міласэрнасці Айца, які прымае ўсіх і выходзіць кожнаму насустрач. Таму Пантыфік заклікаў вернікаў на працягу Юбілею ўзрастаць ва ўпэўненасці ў Божай міласэрнасці.

Францішак заўважыў, што адрыццё Юбілейнага Году супала з 50-й гадавінай завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, “сапраўднай сустрэчы паміж Касцёлам і чалавекам нашага часу”. Папа падкрэсліў, што Год Міласэрнасці падштурхоўвае Касцёл быць місійным, не занядбоўваць духа Добрага Самараніна, які выйшаў з Сабору. 

Ва ўрачыстай св. Імшы на адкрыццё Юбілею Міласэрнасці, якая прайшла на галоўнай ватыканскай плошчы, узялі ўдзел каля 50 тыс. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.