2016-01-05 13:43:00

Латвійскія хрысціяне стварылі тэксты “экуменічнага тыдня”


Міжканфесійная група з Латвіі падрыхтавала разважанні на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян 2016 года. Ён традыцыйна пройдзе ў Касцёле з 18 па 25 студзеня. Канчатковы тэкст быў зацверджаны міжнароднай камісіяй, прызначанай Сусветнай Радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Натхненнем для сёлетніх разважанняў стаў фрагмент з Першага Паслання св. Пятра: “Вы ж – выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло; калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя” (2, 9-10).

Паводле аўтараў, хрост аб’ядноўвае Божы народ на працягу стагоддзяў, а Божае слова – Святое Пісанне – гэта аснова рэальнай, хоць і няпоўнай, камуніі. Менавіта “малітоўнае чытанне Бібліі” прыводзіць хрысціян да прызнання магутнасці Бога і каштоўнасці ўласнага жыцця.

Дар хросту заклікае сённяшніх хрысціян разам сведчыць сваё пакліканне і магутнасць Бога розным чынам. Перш за ўсё, праз “гаенне ран” чалавецтва: войны, канфлікты і злоўжыванні паранілі народы многіх краін, і менавіта Божая міласэрнасць дапамагае прыйсці да прабачэння, якое дапаможа прымірэнню і вылячэнню. Таксама супольны “пошук праўды і адзінства”, гэта шлях да хрысціянскага адзінства. І тут важна зразумець “нашу агульную тоеснасць у Хрысце”, нагадалі аўтары сёлетніх разважанняў. “Актыўная абарона чалавечай годнасці”, наступная сфера, дзе свет чакае ад хрысціян агульнага сведчання. Праз супольныя сацыяльныя і дабрачынныя праекты трэба выходзіць да бедных, патрабуючых, залежных і маргіналізаваных. 

Кожны дзень Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян суправаджаецца біблійнымі тэкстамі, разважаннямі і пытаннямі, якія вянчае адмысловая малітва.








All the contents on this site are copyrighted ©.