2016-01-08 12:37:00

Францішак патлумачыў сэнс слова “любоў”


Не кожная любоў паходзіць ад Бога, толькі Бог ёсць “сапраўднай любоўю”. Гэтая думка стала цэнтральнай у гаміліі Папы падчас ранішняй св. Імшы 8 студзеня 2016 года ў капліцы Дому св. Марты.

Любоў і спагада – як па-рознаму могуць разумець іх Бог і чалавек, адзначыў Святы Айцец і нагадаў, што таксама апостал Ян у сваім Першым Пасланні разважае над дзвюма галоўнымі запаведзямі хрысціянскага жыцця: любоўю да Бога і да бліжняга. Па словах Францішка, любоў сама па сабе цудоўная і любіць – гэта выдатна, і ўсё ж сапраўдная любоў “узмацняецца і расце ў дары самога жыцця”.

“Гэта слова – “любоў” – сёння ўжываецца вельмі часта, і не заўсёды можна дакладна зразумець яго значэнне. Што такое любоў? Пантыфік перасцярог: гэта не тое, што паказваюць у тэлесерыялах, і не проста захапленне другім чалавекам, якое з часам гасне. Адкуль жа паходзіць сапраўдная любоў? Кожны, хто любіць, народжаны ад Бога, бо Бог ёсць любоў. Няправільна казаць: “Кожная любоў – гэта Бог”; усё інакш – только “Бог ёсць любоў”, сказаў Пантыфік.

Апостал Ян падкрэслівае адметнасць Божай любові: яна папярэднічае ўсяму, яна першасная. Доказам можа служыць сцэна з сённяшняга Евангелля пра памнажэнне хлябоў. Езус праявіў спачуванне да натоўпу. Менавіта любоў Езуса да людзей падштурхнула Яго да таго, каб увайсці ў жыццё чалавека і пакутаваць разам з ім.

“Калі маем нешта на душы і хочам папрасіць прабачэння ў Бога, гэта значыць, што Ён сам чакае нас, каб прабачыць. Асаблівым чынам можам адчуць гэта ў Год Міласэрнасці: Бог чакае нас. Навошта? Каб абняць. І больш нічога. Каб сказаць: “Сын, дачка, я люблю цябе. Я аддаў свайго Сына на ўкрыжаванне за цябе. Гэта кошт Маёй любові. Гэта падарунак Маёй любові”, - падзяліўся разважаннямі Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што неабходна заўсёды мець упэўненасць у тым, што Бог нас чакае. Трэба толькі прызнацца Яму ў сваім жаданні любіць Яго, нягледзячы на свае правіны. І Ён зробіць тое ж, што і з блудным сынам: не жадаючы слухаць нашыя апраўданні, Ён возьме нас у Свае абдымкі, у абдымкі Божай любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.