2016-01-10 13:21:00

Кардынал Дзяржсакратар пра беднасць і семінарыі


Выхад на перыферыі і бедныя павінны знайсці больш месца ў адукацыйных праграмах духоўных семінарый, лічыць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Ён спаслаўся на заклік, які Францішак неаднаразова кіраваў да святароў, каб ішлі на геаграфічныя і экзістэнцыйная ўскраіны. “Па прыкладу Хрыста, святар закліканы евангелізаваць бедных”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Дзяржсакратар Яго Святасці адзначыў, што падчас семінарыйнай фармацыі трэба надаваць больш увагі гэтаму вымярэнню. Трэба рыхтаваць будучых святароў да прапаведвання сярод бедных і ўмення самім вучыцца ад іх. “Гэтага не ўдасца зрабіць, калі не заўважаць умоў, у якіх жывуць бедныя, а сітуацыі несправядлівасці не пройдуць болем праз наша сэрца, пакуль яно не пачне кроватачыць, як сэрца Езуса”, - выказаў думку кардынал Паралін.

На яго думку, самай вялікай пагрозай у гэтым кантэксце з’яўляецца абыякавасць, якая вынікае з прызвычаення да несправядлівасці. “А мы, як святары, павінны ўзрушыцца кожным выпадкам пакут, болю, галечы, матэрыяльнай і духоўнай”, - адзначыў кардынал Дзяржсакратар і выказаў перакананне, што калі семінарыя дапаможа будучым святарам развіваць гэтую адчувальнасць, то ў сваёй душпастырскай працы яны не будуць мець праблем з тым, каб знайсці спосаб сустрэчы з беднымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.