2016-01-11 13:18:00

Ватыканская дыпламатыя падвяла вынікі года


Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 180 дзяржавамі. Да іх трэба дадаць Еўрапейскі Саюз і Мальтыйскі Ордэн, а таксама Сталае прадстаўніцтва Дзяржавы Палестына. Што тычыцца міжнародных арганізацый, 4 чэрвеня 2015 г. Апостальская Сталіца стала назіральнікам пры Карыбскай супольнасці (CARICOM).

Пасольствы 86 краін пры Святым Пасадзе маюць свае сядзібы ў Рыме, у тым ліку Еўрапейскага Саюза і Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна. Паслы астатніх краін працуюць па сумяшчальніцтве і маюць свае сядзібы ў іншых дзяржавах. Напрыклад, паслом Беларусі пры Святым Пасадзе па сумяшчальніцтве з’яўляецца Сяргей Алейнік, пасол Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі. У мінулым годзе Беліз, Буркіна-Фасо і Экватарыяльная Гвінея адкрылі пры Святым Пасадзе свае асобныя прадстаўніцтвы. У Рыме таксама размешчаны прадстаўніцтвы Дзяржавы Палестына, Лігі арабскіх дзяржаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

У 2015 г. былі падпісаны чатыры пагадненні: 1 красавіка, Канвенцыя паміж Святым Пасадам і ўрадам Італьянскай Рэспублікі ў пытаннях падаткаабкладання; 10 чэрвеня, Пагадненне паміж Святым Пасадам, таксама ад імя і па даручэнні Дзяржавы Ватыкан, і Злучанымі Штатамі Амерыкі аб садзейнічанні захаванню міжнародных падатковых абавязацельстваў і рэалізацыі закона аб падаткаабкладанні замежных рахункаў (FATCA); 26 чэрвеня, Глабальная дамова паміж Святым Пасадам і Дзяржавай Палестына; і 14 жніўня, Пагадненне паміж Святым Пасадам і Дэмакратычнай Рэспублікай Усходні Тымор аб прававым статусе Каталіцкага Касцёла. 

Акрамя таго, 22 чэрвеня 2015 г. было ратыфікавана Пагадненне паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Чад аб прававым статусе Каталіцкага Касцёла, якое было падпісана 6 лістапад 2013 г.; 10 верасня 2015 г. быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным сакратарыятам Святога Пасаду і Міністэрствам замежных спраў Дзяржавы Кувейт аб правядзенні двухбаковых кансультацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.