2016-01-17 12:39:00

Пантыфік: мігранты і бежанцы – прыкмета надзеі на Бога


“Прыкметай надзеі на Бога” назваў прысутнасць мігрантаў у сучасных грамадствах Святы Айцец Францішак. 17 студзеня 2016 г. у Ватыкане, падчас спаткання з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, ён нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца Сусветны дзень мігранта і бежанца, а сёлета ў Каталіцкім Касцёле, у рамках Святога Года Міласэрнасці, і Юбілей мігрантаў. 

“Я рады вітаць з вялікай любоўю этнічныя суполкі, прысутныя тут, з розных рэгіёнаў Італіі, асабліва з Лацыё. Паважаныя мігранты і бежанцы, кожны з вас нясе гісторыю, культуру, каштоўнасці; а часта, на жаль, досвед беднасці, прыгнёту і страху. Ваша прысутнасць на гэтай плошчы з’яўляецца прыкметай надзеі на Бога. Не дазвольце скрасці ў сябе гэтыя надзею і радасць жыцця, з якіх вынікае досвед Божай міласэрнасці, таксама і дзякуючы людзям, якія вітаюць вас і дапамагаюць вам”, - сказаў Пантыфік. Ён пажадаў, каб удзел Юбілеі Міласэрнасці напоўніў сэрцы асоб, якія спазналі цяжар уцёкаў з роднай зямлі, дарам спакою.

Сусветны дзень мігранта і бежанца праходзіць сёлета пад дэвізам “Мігранты і бежанцы — выклік для нас. Адказ — у Евангеллі міласэрнасці”.

Францішак падчас свайго пантыфікату вельмі часта звяртаецца да людзей добрай волі з просьбай прымаць з любоўю і ставіцца з павагай да ўцекачоў. У спецыяльным пасланні на сёлетні Дзень Пантыфік звярнуў увагу, што “бежанцы і людзі, якія ўцякаюць з сваёй радзімы, з’яўляюцца выклікам для народаў і грамадстваў, паколькі ставяць пад сумнеў іх традыцыйны лад жыцця, а часам і парушаюць культурны і сацыяльны гарызонты, з якімі сутыкаюцца”. Але, па яго словах, “важна падыходзіць да мігрантаў не толькі з пункту гледжання іх рэгулярнага або нерэгулярнага статусу, але перш за ўсё як на людзей, якія – пры павазе да іх годнасці – могуць унесці свой уклад у росквіт і развіццё”.








All the contents on this site are copyrighted ©.