2016-01-18 11:49:00

Беларусь: католікі рэальныя і віртуальныя


Рэчаіснасць сучаснага свету такая, што калі цябе няма ў сацыяльных сетках, цябе, можна сказаць, няма ўвогуле. Сапраўды, віртуальныя зносіны цяпер усё больш выцясняюць рэальныя стасункі, і часта жыццё ў інтэрнэце людзі ставяць на першае месца. Таму папа Францішак, многія біскупы і святары падкрэсліваюць неабходнасць евангелізацыі ў інтэрнэце. Прааналізаваць “духоўную сферу” віртуальнай рэальнасці Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё паспрабавала на прыкладзе папулярнай у Беларусі найбуйнейшай еўрапейскай сацыяльнай сеткі “Вконтакте”, якая налічвае больш за 340 мільёнаў карыстальнікаў.

Цікава, што з усіх карыстальнікаў расійскай сацсеткі сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла ў графе “Светапогляд” паказалі звыш 652 тыс. чалавек. Колькасць тых віртуальных католікаў, якія заявілі аб сваім веравызнанні ў “ВК”, прыкметна вырасла менш чым за год – у лютым 2014 году такіх карыстальнікаў было на 200 тысяч менш. З Украіны ў сацсетку прыйшло найбольш католікаў – каля 230 тыс. чалавек. Сярод расійскіх карыстальнікаў “ВК”, якія ўказалі сваё веравызнанне як каталіцкае, – амаль 174 тыс. чалавек, беларускіх – больш за 106 тыс. чалавек. У сталіцах Украіны і Беларусі прыкладна аднолькавая колькасць католікаў, якія ўказалі пра гэта ў сацсетцы – па 25 тыс. чалавек. Напрыклад, у Гомелі – амаль 1,5 тыс. са статусам “католік”, хоць актыўных парафіян у мясцовым касцёле, якія наведваюць імшу хаця б раз на тыдзень – каля 650 чалавек. Прычым, палова з іх у сувязі з узростам, дакладна не мае акаўнтаў у “ВК”. Па інфармацыі мясцовага пробашча, ва ўрачыстасці Божага Нараджэння касцёл наведалі каля 1200 чалавек. Але лічба ўсіх у горадзе намінальных католікаў можа дасягаць 15-20 тысяч чалавек.

Мы знайшлі ў “ВК” некалькі асобаў з Гомеля, якія сапраўды ўказалі на сваіх старонках каталіцкае веравызнанне, але не ходзяць у касцёл. Амаль усе з іх не адказалі на нашае паведамленне з просьбай патлумачыць такую пазіцыю. Але адзін з такіх “вернікаў”, Павел, адклікнуўся. Па яго словах, ён быў ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду, а тое, што паказаў свой віртуальны статус як католік, мужчына тлумачыць сваім светапоглядам. Ён адказаў, што у свой час займаўся даследаваннем гісторыі Беларусі, пытаннямі рэлігіі, яе вытокаў, і стаў атаясамліваць сябе з католікамі. Наведванне ж касцёла Павел лічыць не абавязковым і асабістай справай кожнага.

Ёсць у сацсетках і адваротныя прыклады. Многія рэальныя католікі, якія кожны тыдзень і нават штодня ўдзельнічаюць у св. Імшы, такія ж актыўныя ў духоўным плане і ў інтэрнэце. Яны евангелізуюць у сацыяльных сетках, удзельнічаюць у каталіцкіх групах, адмініструюць іх. Адзін з яскравых прыкладаў – мінскі католік Андрэй Мікалаеў, які па прычыне стану здароўя не можа наведваць храм, але вельмі актыўны ў сацыяльнай сетцы “Facebook”. Андрэй распавёў аб тым, што з’яўляецца свецкім дамініканінам, нягледзячы на тое, што прыкаваны да ложка ўжо больш за 20 гадоў.

“Вельмі складана маёй жонцы, якая мяне даглядае, прывозіць мяне ў касцёл. Таму я ўдзельнічаю ў набажэнствах, наколькі гэта магчыма, онлайн. Інтэрнэт для мяне – не нейкая іншая рэальнасць, а проста частка звычайнага свету, у якім праходзіць маё жыццё. У сацсетках я размаўляю не з нейкімі віртуальнымі вобразамі, і сам я не нейкі віртуальны чалавек. Мяне чытаюць жывыя людзі, і я размаўляю з імі як рэальная асоба. У інтэрнэце праходзіць маё жыццё як практыкуючага католіка, прапаведніка, евангелізатара, місіянера. Інтэрнэт у добрых руках – гэта вельмі добры сродак, калі ты разумееш, чаго ты хочаш, і як да гэтага імкнуцца. І таму я лічу, што важна евангелізаваць у інтэрнэце, бо ў ім “сядзяць” жывыя людзі, а не нейкія машыны, да шматлікіх людзей можна дагрукацца менавіта ў інтэрнэце”, - лічыць Андрэй.

Што тычыцца іншай статыстыкі “Вконтакте”, для параўнання – усе, хто выказаў прыналежнасць да іншых рэлігій і канфесій: праваслаўе – 14 млн. 374 тыс. чалавек, іслам – 2 млн. 705 тыс. чалавек, будызм – 607 тыс. чалавек, юдаізм – 171 тыс. чалавек, пратэстантызм – 225 тыс. чалавек. Шмат і тых, хто паказаў прыналежнасць да хрысціянства без канкрэтызацыі – 787 тыс. чалавек – верагодна, сярод іх таксама нямала католікаў.

Адзначым, што большая частка карыстальнікаў, мяркуючы па агульнай статыстыцы, і зусім нічога не паказала ў графе “Светапогляд” або неяк інакш выказалі прыналежнасць да канфесіі.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.