2016-01-23 14:35:00

Віцебск: праваслаўныя, пратэстанты і католікі маліліся разам


“Першае ў Віцебску спатканне прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій на супольнай малітве заклала добрую традыцыю на будучыню” – адзначыў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. 

22 студзеня 2016 г. у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося экуменічнае спатканне прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій з нагоды Тыдню малітваў аб еднасці хрысціян. Яго арганізавала Віцебская каталіцкая дыяцэзія. У сустрэчы разам з рыма-католікамі прынялі ўдзел пастыры іншых хрысціянскіх супольнасцяў Віцебска: прадстаўнік Грэка-каталіцкай Царквы, протапрэзбітэр Зміцер Грышан; прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, протаіерэй Дзмітрый Савіч; прадстаўнікі Евангельскіх хрысціян-баптыстаў – пастары Аляксей Альшэўскі і Генадзь Ляшчоў, пастар Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў.

“Усе падкрэслілі неабходнасць і важнасць справы паяднання між усімі вызнаўцамі Езуса Хрыста. Гэта рэалізацыя закліку самаго Збаўцы, які ў сваёй малітве прасіў нябеснага Айца аб тым, каб усе ўтваралі адно. Гэтая еднасць павінна абапірацца, перш за ўсё, на выкананне запаведзі любові, без якой немагчыма паяднанне чалавека з Богам, а таксама ўзаемнае адзінства”, - сказаў біскуп Алег Буткевіч. 

Супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквой на Віцебшчыне асабліва цесна адбываецца ў сацыяльнай сферы. Таксама ў мінулым годзе ладзілася сумесная міжнародная канферэнцыя на тэму “Душпастарства і сацыяльная дапамога вязням у месцах пазбаўлення волі”. 

“Супольнае жыццё, мірнае суіснаванне паміж католікамі і праваслаўнымі, а таксама прадстаўнікамі пратэстантскіх Цэркваў на Віцебшчыне існуе штодзень. Бо гэтыя супольнасці ўтвараюцца вельмі часта нават у нашых сем’ях, дзе мірна і ў любові суіснуюць прадстаўнікі розных канфесій”, - сказаў пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

Падчас міжхрысціянскай малітвы прысутныя святары і пастары пацвердзілі супольны абавязак сведчыць перад сучасным светам пра Хрыста. “Занясём гэтае святое Слова свету, паколькі мы з’яднаны ў адной місіяй – быць соллю зямлі, быць святлом свету і абвяшчаць вялікія справы Пана”, - прагучала ў галоўным каталіцкім храме Віцебшчыны. У знак супольнай місіі прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі свечкі ад пасхала, як сімвала святла Уваскрослага Хрыста.

Напрыканцы набажэнства прысутныя перадалі адзін аднаму знак супакою.

Наталія Байнаровіч, Віцебск








All the contents on this site are copyrighted ©.