2016-01-25 17:58:00

Францішак заклікаў хрысціян да еднасці праз міласэрнасць


На заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, у свята Навяртання св. Паўла, 25 студзеня 2016 г., папа Францішак узначаліў урачыстыя Нешпары ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі. У набажэнстве прынялі ўдзел, у тым ліку, прадстаўнікі Канстантынопальскага Патрыярхату, Англіканскай Царквы, іншых хрысціянскіх канфесій і супольнасцяў. 

Паводле Папы, “місія ўсяго народу Божага заключаецца ў абвяшчэнні цудоўных спраў Пана, і, перш за ўсё, пасхальнай таямніцы Хрыста, праз якую мы прайшлі з цемры граху і смерці да ззяння Яго жыцця, новага і вечнага”. 

Гэта пакліканне тычыцца ўсіх хрысціян, а яго “аўтарам” з’яўляецца адзіны Бог. Папа нагадаў, што хрысціяне розных канфесій становяцца бліжэй адно да аднаго, калі не перастаюць навяртацца да Пана, калі разам слухаюць Божае слова і намагаюцца рэалізаваць яго. “У той час, як знаходзімся на шляху да поўнай еднасці паміж намі, можам ужо зараз развіваць шматлікія формы супрацоўніцтва, каб спрыяць распаўсюджванню Евангелля”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Папы, сапраўднага пошуку еднасці паміж хрысціянамі не можа існаваць без поўнага даверу Божай міласэрнасці. “Перш за ўсё, папросім прабачэння за грэх нашага падзелу, які з’яўляецца адкрытай ранай на Целе Хрыста. Як Біскуп Рыма і Пастыр Каталіцкага Касцёла, хачу папрасіць аб міласэрнасці і прабачэнні за не-евангельскія паводзіны з боку католікаў у адносінах да хрысціян іншых Цэркваў. У той жа час, заклікаю ўсіх братоў і сясцёр католікаў прабачыць, калі сёння ці ў мінулым, яны пацярпелі ад іншых хрысціян. Мы не можам выкрэсліць таго, што было, але і не жадаем дазволіць, каб цяжар правін мінулага працягваў забруджваць нашыя адносіны. Божая Міласэрнасць няхай абновіць нашы адносіны”, - пажадаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.