2016-01-29 11:33:00

15 тысяч камплектаў літургічнай вопраткі для СДМ-2016


Прыблізна 15 тыс. камплектаў літургічнай вопраткі святароў рыхтуецца да галоўнай літургічнай падзеі Сусветных дзён моладзі ў Кракаве – Святой Імшы Паслання, якую 31 ліпеня 2016 г. на “Campus Misericordiae” ўзначаліць папа Францішак.

Як адзначыў кіраўнік Літургічнай групы Секцыі цэнтральных падзей аргкамітэту Сусветных дзён моладзі, кс. Станіслаў Мешчак, арнаты будуць белага колеру, як гэта звычайна бывае падчас такіх вялікіх урачыстасцяў. “Літургічная вопратка біскупаў і святароў сваёй сімволікай будзе спасылацца на Сусветныя дні ў Кракаве. Іх колькасць і выразнасць, безумоўна, паўплываюць на гэта вялікае свята Паўсюднага Касцёла”, - сказаў ён.

Праект арнатаў падрыхтаваны спецыяльна для Святой Імшы Паслання з папам Францішкам, і будзе прадстаўлены непасрэдна падчас яе. Пасля Эўхарыстыі кожны біскуп і святар будзе мець магчымасць забраць яго ў якасці ўспаміну пра Сусветныя дні моладзі ў Кракаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.