2016-02-01 14:46:00

Папа звярнуўся з парадамі да кансэкраваных асобаў


1 лютага 2016 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі завяршальных мерапрыемстваў Года кансэкраванага жыцця, які працягваўся ў Каталіцкім Касцёле з 30 лістапада 2014 г. У аўдыенцыі з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 4 тыс. законнікаў і законніц з розных краін свету.

Адклаўшы загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы Святы Айцец звярнуўся да сабраных спантанна. Ён заклікаў кансэкраваных асобаў быць прарокамі ў сучасных грамадствах: казаць людзям пра існаванне шляху шчасця, велічы, шляху, які напаўняе радасцю і які з’яўляецца шляхам Езуса Хрыста. Яго сутнасць заключаецца ў тым, каб быць побач з Панам. Прарочыць, паводле Папы, азначае казаць пра “нешта больш праўдзівае, вялікае, добрае, да чаго ўсе мы пакліканы”.

Іншым аспектам кансэкраванага жыцця Францішак назваў блізкасць да людзей: блізкасць фізічную і духоўную. Пачынаць Пантыфік заклікаў з братоў і сясцёр з уласнай манаскай супольнасці. Папа папярэдзіў аб разбуральных наступствах пляткарства, якое параўнаў з “тэрарызмам” і нагадаў аб важнасці панавання над уласным языком.

Святы Айцец перакананы, што законнікі і законніцы не павінны губляць надзеі, нават перад абліччам памяншэння колькасці пакліканняў да манаскага жыцця. Трэба працягваць адносіцца да паліканняў сур’ёзна і з праніклівасцю глядзець на кандыдатаў, які прыходзяць у супольнасць. “Неабходна добра глядзець ці гэта сапраўднае пакліканне і дапамагаць яму ўзрастаць”, - сказаў Папа і падкрэсліў важнасць пастаяннай і гарачай малітвы ў гэтай інтэнцыі. “Пан які быў такім шчодрым выканае сваё абяцанне. Але мы павінны прасіць Яго. Павінны стучаць у дзверы Яго сэрца”, - дадаў ён.

Паводле Францішка, калі манаская супольнасць становіцца вельмі малой перад ёй узнікае рызыка прывязанасці да грошай. Гэта супраць надзеі, падкрэсліў Пантыфік. 








All the contents on this site are copyrighted ©.