2016-02-02 15:16:00

Польскае МУС прымае меры бяспекі ў сувязі з СДМ-2016


У гарантаванні бяспекі пілігрымаў Сусветных дзён моладзі ў Кракаве будуць удзельнічаць усе падраздзяленні МУС Польшчы. Аб гэтым было заяўлена падчас сустрэчы намесніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Яраслава Зялінскага і камендантаў службаў, якія знаходзяцца ў парадкаванні ведамства. 

Кіраўнікі Дзяржаўнай пажарнай аховы, паліцыі, памежнай службы і Бюро аховы ўраду абмеркавалі стан падрыхтоўкі фарміраванняў для працы падчас беспрэцэдэнтнага па колькасці ўдзельнікаў моладзевага форуму, на які прыедуць вернікі з усяго свету.

Службы Міністэрства ўнутраных спраў будуць клапаціцца пра бяспеку ўдзельнікаў урачыстасцяў, шляхоў праезду і месцаў начлегу. Паліцыя забяспечыць маршруты, стаянкі і месцы сустрэч маладых людзей. Пажарная ахова ўжо пачала вызначэнне пунктаў масавай канцэнтрацыі гасцей Сусветных дзён. Кіраўнік Бюро аховы ўраду прадставіў, у сваю чаргу, сітуацыю з гарантаваннем бяспекі замежных дэлегацый. Памежнікі заявілі аб магчымасці аднаўлення рэгулярнага пагранічнага кантролю ў сувязі з прыняццем такой вялікай колькасці пілігрымаў.

Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 26-31 ліпеня 2016 г. На галоўных мерапрыемствах форуму арганізатары чакаюць да 2,5 млн. пілігрымаў. Для ўдзелу ў ім прыбудзе папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.