Бывае, што святары адмаўляюцца прыняць сваю намінацыю на біскупа, хоць такіх выпадкаў няшмат, паведаміў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Такім чынам ён адрэагаваў на чуткі, што ўсё больш і больш святароў не хочуць быць біскупамі і адмаўляюцца прыняць прапанову, нават калі Папа – па рэкамендацыі Кангрэгацыі – зрабіў выбар. Так, гэта праўда – пацвердзіў ватыканскі кардынал, дадаўшы, аднак, што лік такіх выпадкаў не вялікі.
Ён растлумачыў, што адмаўляюцца па розных прычынах і прывёў прыклад святара, які быў абраны, але паінфармаваў кангрэгацыю, што хворы на рак, аб чым не казаў іншым. Адмова ў гэтым выпадку была выразам адказнасці, сказаў кардынал Уэле.
Іншыя адмаўляюцца па прычыне некаторых падзей з мінулага, ці таму, што лічаць сябе няздольнымі несці такую адказнасць. У апошнім выпадку Кангрэгацыя настойвае на прыняцці намінацыі, паколькі часта людзі не з’яўляюцца добрымі суддзямі сваіх магчымасцяў. Але, калі нехта ў сваім сумленні прыняў канчатковае рашэнне, Святы Пасад паважае яго, запэўніў прэфект.
Ён прызнаўся, што ў пошуках кандыдатаў на біскупаў папа Францішак і Кангрэгацыя звяртаюць увагу на іх душпастырскія навыкі. Гэта не азначае, аднак, што яны не павінны быць настаўнікамі веры, мець здольнасць да дыялогу з людзьмі.
Кардынал таксама пацвердзіў, што з 2010 г. канфідэнцыйны апытальнік, які дасылаецца ў дыяцэзіі з мэтай выяўлення патэнцыйных кандыдатаў на біскупаў, уключае ў сябе пытанне аб тым, ці яны калі-небудзь мелі справу з абвінавачваннямі ў сексуальных злоўжываннях духавенства або касцёльных супрацоўнікаў. Гаворка ідзе аб упэўненасці, што будучы біскуп зможа адказна справіцца з такога роду выпадкамі без утойвання і з сур’ёзным падыходам.
All the contents on this site are copyrighted ©. |