2016-02-05 12:10:00

Папа спаткаецца з Маскоўскім Патрыярхам


Папа Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустрэнуцца 12 лютага 2016 г. на Кубе. Аб гэтым стала вядома 5 лютага 2016 г. Самалёт з Пантыфікам на борце здзейсніць пасадку на Востраве на шляху ў Мексіку, куды Францішак накіруецца з афіцыйным візітам. Спатканне, якое адбудзецца ў гаванскім Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці, пройдзе ў фармаце “асабістай размовы”.

Сустрэча рыхтавалася “доўгі час”, з’яўляецца “першай у гісторыі” і пачынае “важны этап у адносінах паміж Цэрквамі”. Апостальская Сталіца і Маскоўскі Патрыярхат спадзяюцца, што яна стане “знакам надзеі для ўсіх людзей добрай волі”. Яны запрашаюць усіх хрысціян маліцца аб Божым благаслаўленні для сустрэчы і аб яе добрых плёнах.

Спатканне будзе працягвацца каля 2 гадзін. Пасля яго Пантыфік і Патрыярх падпішуць сумесную шырокую дэкларацыю, якая затым будзе апублікавана. Яе тэкст змешчаны на сямі старонках. Запланавана таксама “спантаннае” выступленне кіраўнікоў Цэркваў, падчас якога яны абмяняюцца сваімі пачуццямі і ўражаннямі ад сустрэчы.

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане падкрэсліў, што сустрэча не мае "спантаннага" характару, нягледзячы на тое, што аб ёй было абвешчана практычна за тыдзень да правядзення. Перад ёй была праведзена сур'ёзная і доўгая праца. Куба была абрана для двух бакоў як "нейтральнае" месца. Хоць краіна дастакова блізкая і вядомая як для католікаў, так і для праваслаўных. Гэта сустрэча мае "выключнае значэнне" для экуменічнага дыялога, падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў заслугі Патрыярха Кірыла перад каталіцка-праваслаўным дыялогам. Ён шмат гадоў узначальваў Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату і ў гэтай якасці прысутнічаў на інаўгурацыі Бэнэдыкта XVI. У апошнія гады кантакты паміж дзвюма Цэрквамі значна актывізаваліся, аб чым сведчаць частыя візіты Мітрапаліта Іларыёна, цяперашняга кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў, у Ватыкан.

Кс. Ламбардзі, адказваючы на пытанне пра пазітыўныя вынікі спаткання для складаных выклікаў, якія стаяць перад светам, у тым ліку ўкраінскага канфлікту, сказаў, што ў сувязі з такімі сустрэчамі заўсёды існуюць спадзяванні на прагрэс у пытаннях, вырашэнне якіх уяўляецца складаным.

Кіраўнік Залы Друку не паведаміў падрабязнасцяў аб змесце сумеснай дэкларацыі, але нагадаў, што яе тэкст будзе апублікаваны пасля падпісання. 








All the contents on this site are copyrighted ©.