2016-02-05 14:36:00

Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Замбіі


Раніцай 5 лютага 2016 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы Прэзідэнта Рэспублікі Замбія Эдгара Чагва Лунгу. Пасля размовы з Пантыфікам кіраўнік афрыканскай краіны сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам.

Падчас размовы адзначаліся станоўчыя адносіны, што ўсталяваліся паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Замбія. Падкрэслівалася вялікая праца, якую ажыццяўляе Каталіцкі Касцёл праз свае адукацыйныя, сацыяльныя і медыцынскія структуры, у тым ліку яго ўнёсак у барацьбу з беднасцю і сацыяльнай няроўнасцю, а таксама ў пашырэнне мірнага сацыяльнага і рэлігійнага суіснавання, заснаванага на культуры сустрэчы і дыялогу.

Бакі абмеркавалі пытанні міграцыі, кліматычных змен і аховы навакольнага асяроддзя. Асаблівая ўвага была звернута на актуальную міжнародную сітуацыю і канфлікты, што закранаюць афрыканскі кантынент, а таксама на намаганні, якія робіць Рэспубліка Замбія для падтрымання міру ў рэгіёне.








All the contents on this site are copyrighted ©.