2016-02-06 14:29:00

Папа спаткаўся з “Групамі малітвы айца Піо”


Свет патрабуе “як хлебу” Божай міласэрнасці, той міласэрнасці, слугой якой быў св. Піо з Пьетрэльчыны. Гэты законнік стаў для мільёнаў людзей адлюстраваннем “жывой ласкі Айца”. Пра гэта заявіў папа Францішак, сустракаючыся 6 лютага 2016 г. з дзясяткамі тысяч асоб, якія належаць да “Груп малітвы айца Піо”. Яны прыбылі на плошчу св. Пятра з многіх частак свету. У Ватыкане ў гэтыя дні знаходзіцца саркафаг з целам святога капуцына.
 
Пантыфік адзначыў феномен айца Піо. Ён вядомы ва ўсім свеце, хоць не падарожнічаў па ім – яго светам быў канфесіянал, дзе даваў людзям магчымасць прымірыцца з Богам і выпраменьваў водар прабачэння. Айца Піо ведаюць нават там, дзе нічога не ведаюць пра Касцёл, заўважыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што святы жыў сілай свайго адмысловага служэння і інтэнсіўнага ўнутранага жыцця, падставай якога была малітва. Ён заклікаў вернікаў да наследавання айца Піо і падкрэсліў, што менавіта “малітва – гэта сіла, якая рухае светам”.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з “Групамі малітвы айца Піо”, Пантыфік папрасіў іх удзельнікаў з пяшчотай і разуменнем ставіцца да хворых, як гэта рабіў св. Піо з Пьетрэльчыны. Бо часта, менавіта словы падтрымкі даюць ім сілы несці хваробы і аднавіць давер да Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.