2016-02-07 14:13:00

Папа: міласэрнасць Бога большая за любы грэх


Пра сутнасць хрысціянства казаў Святы Айцец Францішак 7 лютага 2016 г. у Ватыкане падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”. Паводле Папы, яна палягае на абвяшчэнні бескарыслівай любові Бога, спалучаным з паставай прыняцця і міласэрнасці адносна іншых.

“Евангелле сённяшняй нядзелі ў рэдакцыі св. Лукі кажа аб пакліканні першых вучняў Езуса (Лк 5, 1-11), - нагадаў Пантыфік. - Гэта адбылося ў кантэксце паўсядзённага жыцця: на беразе Галілейскага мора знаходзіліся некалькі рыбакоў, якія, пасля карпатлівай ночы, калі нічога не злавілі, мылі і рамантавалі сеткі. Езус увайшоў у лодку аднаго з іх – Сымона, якога звалі Пятром – і папрасіў яго адплысці трохі ад берага, а затым пачаў прапаведаваць слова Божае прысутным людзям. Калі Езус скончыў гаварыць, сказаў яму, каб выйшаў у мора і закінуў свае сеткі. Сымон ужо ведаў Езуса і дасведчыў цудадзейнай сілы яго слова, таму адказаў: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі” (Лк 5, 5). І яго вера не пацярпела расчараванне: сеткі напоўніліся такой колькасцю рыбы, што аж пачыналі рвацца (Лк 5, 6).

У абліччы гэтай незвычайнай падзеі рыбакі паглыбіліся ў роздум. Сымон Пётр прыпаў да ног Езуса, кажучы: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны” (Лк 5, 8). Гэты цудоўны знак пераканаў яго, што Езус не толькі вялікі настаўнік, чыё слова праўдзівае і мае сілу, але і што Ён ёсць Пан, што ёсць аб’яўленнем Бога. І гэта блізкая прысутнасць выклікае ў Пятра моцнае пачуццё ўласнай нікчэмнасці і нягоднасці. З чалавечага пункту гледжання ён лічыць, што павінна існаваць дыстанцыя паміж грэшнікам і святым. На самой справе, менавіта яго стан грахоўнасці патрабуе, каб Пан не адыходзіў ад яго, гэтак жа, як лекар не можа ўцячы ад пацыента.

Адказ Езуса, скіраваны да Сымона Пятра, з’яўляецца цвёрдым і абнадзейваючым: “Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей” (Лк 5, 8). І зноў, рыбак з Галілеі, даверыўшыся гэтым словам, пакідае ўсё і ідзе за Тым, хто стаў яго Настаўнікам і Панам. Таксама зрабілі і Якуб і Ян, якія былі супольнікамі Сымона. Гэта логіка, якая рухае місіяй Езуса і Касцёла: ісці ў пошуках, “лавіць” мужчын і жанчын – не для таго, каб культываваць празелітызм – але, каб аднавіць поўную годнасць і свабоду праз прабачэнне грахоў. У гэтым сутнасць хрысціянства: распаўсюджванне Божай любові, адраджальнай і бескарыслівай, з стаўленнем прыняцця і міласэрнасці да ўсіх, каб кожны мог адчуць пяшчотны клопат Бога і меў поўню жыцця. Тут я асаблівым чынам думаю пра спаведнікоў. Яны першымі павінны адорваць міласэрнасцю Айца, па прыкладзе Езуса, як гэта рабілі два святых законнікі: айцец Леапольд і айцец Піо.

Сёння Евангелле ставіць нам пытанне: ці ўмеем па-сапраўднаму даверыцца Божаму слову, або дазваляем нашым няўдачам перашкаджаць нам? У гэты Святы Год Міласэрнасці мы пакліканы даваць суцяшэнне ўсім тым, хто адчувае грэшнасць і нявартасць перад Панам, хто спустошаны ўласныя памылкамі, прапаведуючы ім слова Езуса: “Не бойся”. Міласэрнасць Айца большая за твае грахі, большая, таму не бойся. 

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам лепш зразумець, што быццё вучнем, азначае крочанне па слядах, пакінутых Настаўнікам: гэта сляды Божай ласкі, якая адраджае жыццё для ўсіх”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы “Анёл Панскі”, Пантыфік удзяліў усім сваё благаслаўленне, а затым закрануў некалькі бягучых тэм і прывітаў пілігрымаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.