2016-02-08 13:17:00

Камісія па абароне непаўналетніх працавала ў Ватыкане


Папская камісія па абароне непаўналетніх завяршыла сваё сямідзённае пасяджэнне ў Ватыкане. Яно праходзіла ў шасці рабочых групах і было сканцэнтравана вакол абнаўлення бягучых праектаў і выпрацокі новых прапаноў. У якасці эксперта ў пасяджэнні прымаў удзел спецыяліст па крымінальным кананічным праве. 

Камісія, як кансультатыўны орган па справах, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі духавенства і касцёльных супрацоўнікаў адносна непаўналетніх, выступіла з прапановай увядзення адмысловага агульнакасцёльнага Дня Малітвы і распрацоўкі тэкстаў пакаяннай літургіі. Таксама гаворка ішла аб арганізацыі семінараў па прававых аспектах абароны непаўналетніх і распрацоўцы інтэрнэт-старонкі для абмену вопытам па гэтай тэматыцы.

Папская камісія па абароне непаўналетніх была створана папам Францішкам у сакавіку 2014 г. Ён прыняў гэта рашэнне, працягваючы лінію, узятую Бэнэдыктам XVI. Камісія займаецца распрацоўкай накірункаў дзейнасці ў сферы абароны непаўналетніх, развіццём і пашырэннем нормаў, працэдур і стратэгій з мэтай прадухілення магчымых злоўжыванняў, распрацоўкай выхаваўчых праграм для дзяцей, бацькоў, семінарыстаў, святароў і ўсіх, хто ў Касцёле працуе з непаўналетнімі. Структура супрацоўнічае з грамадзянскімі ўладамі ў справах духавенства і касцёльных супрацоўнікаў, абвінавачаных у злоўжываннях, а таксама з экспертамі ў розных навуках і сферах сацыяльнай дзейнасці з мэтай прафілактыкі злачынстваў. Камісія адказвае за душпастырскі клопат аб ахвярах злоўжыванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.