2016-02-08 16:01:00

Пантыфік звярнуўся з відэа-пасланнем да мексіканцаў


Прыбываю як місіянер міласэрнасці і міру, запэўніў Францішак у апублікаваным 7 лютага 2016 г. відэа-пасланні народу Мексікі, перад пачаткам свайго падарожжа ў краіну. Яно пачынаецца ў бліжэйшую пятніцу, 12 лютага 2016 г.

Святы Айцец прызнаўся, што едзе ў Мексіку з “вялікай радасцю”, таму што атрымае магчымасць сустрэцца з мясцовымі вернікамі, каб “супольна вызнаваць веру ў Бога і дзяліцца асноватворнай ісцінай нашага жыцця, што Бог нас вельмі любіць, любіць нас бясконцай любоўю, незалежна ад нашых заслугаў”. “Я хачу быць як мага бліжэй да вас, асабліва да тых, хто пакутуе, каб абняць іх і сказаць, што Езус любіць іх, што Ён заўсёды на іх баку”, - падкрэсліў Папа.

Ён выказаў радасць, што мексіканцы рыхтаваліся да яго паездкі праз малітву. “Вялікі дзякуй, што вы маліліся за мяне, таму што мне гэта патрэбна”, - адзначыў Францішак. Ён назваў сябе “дзіцём” Маці Божай Гвадэлупскай і прызнаўся ў сваёй радасці, што зможа наведаць санктуарый і адчуць пяшчоту добразычлівай прысутнасці Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.