2016-02-08 14:07:00

Святы Айцец інтэнсіўна рыхтуецца да візіту ў Мексіку


Папа Францішак інтэнсіўна рыхтуецца да свайго Апостальскага падарожжа па Мексіцы, якое пачнецца 12 лютага 2016 г. Ён накіруецца ў некалькі значна аддаленых ад сябе месцаў гэтай велізарнай краіны, сустрэнецца, у прыватнасці, з карэннымі этнічнымі групамі ў паўднёвым штаце Ч’япас і ўзначаліць св. Імшу ў Сьюдад-Хуарэс, у сімвалічным месцы, недалёка ад мяжы са Злучанымі Штатамі. 

Цэнтральным пунктам усяго візіту, аднак, стане Эўхарыстыя ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі адзначыў, што Святы Айцец асабліва жадае наведаць гэта месца. “Ён казаў пра свае пачуцці, пра сваю адданасць Маці Божай Гвадэлупскай, бо ведае, што гэты культ азначае для мексіканцаў, і не толькі для католікаў, але і для ўсіх людзей гэтай краіны, а таксама для ўсіх лацінаамерыканцаў і амерыканцаў”, - сказаў святар.

Апошні дзень свайго знаходжання ў Мексіцы Святы Айцец правядзе ў Сьюдад-Хуарэс. Гэты горад здабыў сабе сумную славу з-за насілля, выкрадання і забойства людзей. Францішак наведае там, сярод іншага, найбуйнейшую ў краіне турму, дзе сустрэнецца з групай з каля 700 зняволеных. Затым, усяго ў 80 метрах ад мяжы са Злучанымі Штатамі, узначаліць Эўхарыстыю. Па словах прадстаўніка Святога Пасаду, апрача соцень тысяч вернікаў з Мексікі, як чакаецца, удзел у ёй возьмуць 50 тыс. жыхароў ЗША на другім баку мяжы.

“Гэта вельмі моцны момант, і асабліва важны. Трэба нагадаць, што Папа сказаў, што перад сваёй леташняй паездкай у Злучаныя Штаты ён планаваў затрымацца ў Мексіцы. Гэта азначае, што яго прысутнасць на мяжы з’яўляецца нечым вельмі важным для яго душы. Таксама ён ведае, што гэта месца мае асаблівае значэнне для сацыяльных і гуманітарных пытанняў”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Трэба нагадаць, што на шляху ў Мексіку самалёт з Францішкам на борце прызямліцца ў сталіцы Кубы. 12 лютага 2016 г. у гаванскім аэрапорце адбудзецца сустрэча Пантыфіка і Патрыярха Маскоўскага.








All the contents on this site are copyrighted ©.