2016-02-09 15:43:00

Папскі ўніверсітэт навукова зоймецца абаронай непаўналетніх


Праз тыдзень у Папскім Грыгарыянскім універсітэце пачне дзейнічаць новы накірунак па абароне непаўналетніх. Прайсці навучанне выказалі жаданне 19 студэнтаў з чатырох кантынентаў: Афрыкі, Еўропы, Амерыкі і Азіі. 

Папская камісія па абароне непаўналетніх, якая на мінулым тыдні правяла сваё пасяджэнне ў Ватыкане, паведаміла, што ў верасні пройдзе сімпозіум, з удзелам экспертаў з краін Лацінскай Амерыкі, Англіі і Уэльса, мэтай якога будзе распрацоўка стратэгіі абароны дзяцей у каталіцкіх школах. Былі падкрэслены словы папы Францішка, які нагадаў усім касцёльным уладам пра важнасць спагадлівага падыходу да ахвяр сексуальных злоўжыванняў і пра неабходнасць адмысловага дня малітвы і пакаяння.

За мінулы год члены камісіі сустрэліся з біскупамі і касцёльнымі супрацоўнікамі, якія ўдзельнічаюць у абароне непаўналетніх, на Філіпінах і астравах Ціхага акіяна, у Аўстрыі, Новай Зеландыі, Шатландыі, Польшчы, Цэнтральнай Амерыцы і Злучаных Штатах. Вынікам гэтых сустрэч стала стварэнне спецыяльнага офіса для абароны непаўналетніх для Філіпін. Плануюцца наступныя сустрэчы, у прыватнасці, у Танзаніі і Гане, а таксама новыя семінары па пытаннях, звязаных з абаронай дзяцей, у тым ліку з удзелам знешніх экспертаў у мэтах стварэння большай празрыстасці ў кананічных працэсах адносна такога роду спраў.








All the contents on this site are copyrighted ©.