2016-02-10 11:41:00

Айцец Тамаш Падзява – сапраўдны сведка веры


Касцёл у Беларусі ўспамінае айца Тамаша Падзяву – 110-гадовы юбілей з дня нараджэння святара адзначаецца менавіта ў лютым 2016 г. Тэолаг, таленавіты пастыр, аскет, чалавек моцнай веры – так пішуць аб айцы-марыяніне на старонках часопісаў, але нават самымі добрымі словамі нельга абагульніць тую спадчыну, якую пакінуў ён пасля сябе. 

Усе хто сустракаўся з ім асабіста, успамінае архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, заставаліся ў поўным захапленні. Сціплы і аскетычны чалавек меў заўсёды з сабой неацэннае багацце – кнігі на роднай мове і вялікую любоў да ўсходнеславянскай, у тым ліку беларускай, культуры, дзе б не давялося несці служэнне. 

“Калі мы чытаем успаміны яго вучняў, яны кажуць, што гэта быў чалавек вялікай духоўнасці і вельмі даступны на зносіны, і такім ён застаўся да канца жыцця, у Польшчы, а пасля ў Лондане. Адначасова яго вельмі шанавалі таксама польскія праваслаўныя, таму што ён з вялікай пашанай адносіўся да ўсходнеславянскай, у прыватнасці, рускай культуры. Яго вопыт і разуменне гэтай культуры – тады для Польшчы гэта было ўнікальна”, - успамінае святар.     

Айцец Тамаш Падзява менавіта падчас служэння пры каталіцкай місіі ў Харбіне быў арыштаваны і зняволены, атрымаўшы суровы прысуд – 25 год сталінскіх лагераў. Ён ніколі не жаліўся на свой лёс і не пісаў уладам просьбы аб вызваленні. Нават ва лагерных умовах святар адпраўляў св. Імшу, спавядаў іншых зняволеных і ўдзяляў ім св. Камунію, за гэта і быў пакараны больш строгім рэжымам зняволення. 

Айца Тамаша адносяць да плеяды так званых друйскіх марыянаў пачатку ХХ стагоддзя, разам з айцамі Фабіянам Абрантовіча, Андрэем Цікотам і Язэпам Германовічам. І калі ў выпадку першых двух знойдзены дастатковыя сведчанні і адносна іх праспачаты беатыфікацыйны працэс, то айцы Язэп Германовіч і Тамаш Падзява толькі чакаюць гэтага. 

Іх увогуле сёння мала ведаюць як у Касцёле, так і ў Беларусі, лічыць архімандрыт Сяргей Гаек. “Хопіць сказаць, што кніга айца Германовіча “Кітай-Сібір-Масква” дала першыя звесткі аб савецкіх лагерах яшчэ да Салжэніцына. І вядома, сёння мы бачым вялікі выклік асэнсавання спадчыны айцоў Германовіча і Падзявы ў першую чаргу ў духоўным плане. Трэба сказаць, што мы пачалі рыхтаваць катэхезы, якія Падзява напісаў ужо на Захадзе. Кніга амаль падрыхтавана, але яшчэ не выдадзена, гэта шкада. Таму што ён меў вялікі талент казаць пра складаныя справы філасофіі, тэалогіі і жыцця вельмі простай і даступнай мовай. Прычым мы, грэка-католікі, не хочам “прыватызаваць” спадчыну Падзявы, гэта спадчына ўсёй Беларусі”, - сказаў архімандрыт Сяргей Гаек.    

Айцец Сяргей Гаек нагадаў, што працэс беатыфікацыі друйскіх айцоў-марыянаў Фабіяна Абрантовіча і Андрэя Цікоты як навамучанікаў быў распачаты ў Расіі ў ліку яшчэ як мінімум 15 асоб. Працэс гэты, вядома, не хуткі, бо на сбор звестак, іх падрыхтоўку і абагульненне трэба шмат часу. Што тычыцца айца Тамаша Падзявы, юбілей з дня нараджэння якога ўспамінаецца ў гэтым годзе, сёння важнейшае – не распачацце працэсу, а дакладнае і грунтоўнае вывучэнне і асэнсаванне спадчыны сапраўднага сведкі веры. 








All the contents on this site are copyrighted ©.