2016-02-14 19:00:00

Францішак маліўся ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай


13 лютага 2016 г. Папа Францішак наведаў санктуарый Маці Божай Гвадэлупскай – апякункі Мексікі і ўсяго лацінаамерыканскага кантыненту. Тут Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю, падчас якой заклікаў мексіканскіх вернікаў наследаваць прыклад св. Хуана Дыега – сведкі аб'яўлення Маці Божай, які пасля навяртання стаў яе сапраўдным пасланнікам для свайго народу і свету.

Гэта гісторыя, паводле слоў Пантыфіка, дазваляе зразумець, што таксама і самыя сціплыя могуць стаць інструментам для будавання санктуарыя Божага. “Санктуарый Божы – гэта жыццё Яго дзяцей, усіх і ва ўсіх сітуацыях, асабліва моладзі, якая не мае будучыні, падвергнутай сітуацыям цярпення, рызыкам, а таксама пажылых людзей, якія не атрымліваюць прызнання і з'яўляюцца забытымі ў розных кутках”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што санктуарыем Божым з'яўляюцца абліччы многіх людзей, якіх сустракаем на нашым жыццёвым шляху.

Францішак нагадаў, што “Бог абуджае надзею ў самых малых, пакутуючых, абяздоленых і маргіналізаваных: усіх хто адчувае, што не мае годнага месца на гэтай зямлі”. “Гэта дае нам надзею, што слёзы пакутуючых, не застануцца бясплоднымі. Гэта маўклівая малітва, што ўзыходзіць на Неба і якая заўсёды трапляе пад плашч Марыі. У ёй і з ёй, Бог становіцца братам і спадарожнікам, нясе з намі нашы крыжы, каб не дазволіць нашым пакутам прыгнеціць нас”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі, Святы Айцец заклікаў вернікаў быць пасланнікамі Маці Божай і спадарожнікамі на шляху іншых людзей. У санктуарыі Папа правёў некаторы час у прыватнай малітве перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай, якой на знак сыноўскай адданасці ахвяраваў залатую карону.








All the contents on this site are copyrighted ©.