2016-02-15 13:53:00

Францішак накіруецца ў самы бедны штат Мексікі


15 лютага 2016 г. папа Францішак накіруецца ў мексіканскі штат Ч’япас – самы бедны рэгіён у краіне. На самалёце ён прыляціць ў горад Тустла-Гут’ерэс, а затым на верталёце накіруецца ў Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас – горад названы у гонар першага біскупа Ч’япаса і абаронцы правоў індзейскага насельніцтва Лацінскай Амерыкі, іспанскага дамініканіна Барталамэ-дэ-лас-Касаса, які жыў у XVI cт. У агульнай складанасці Пантыфік павінен будзе пераадолець каля 800 км.

У мясцовым катэдральным касцёле Папа ўзначаліць Эўхарыстыю, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі карэнных індзейскіх народаў Мексікі. Тут ён памоліцца на магіле біскупа Самуэля Руіса Гарсіі – ініцыятара прызнання іх укладу ў сучаснае паслясаборавае каталіцтва.

У праграме візіту Францішка ў штат Ч’япас прадугледжана сустрэча з сем’ямі, якая пройдзе на гарадскім стадыёне ў Тустла-Гут’ерэс. Пасля яе Папа вернецца ў Мехіка.

Насельніцтва гэтай часткі мексіканскай дзяржавы, акрамя іспанскай мовы, размаўляе на прынамсі 13 розных індзейскіх дыялектах. Каля 5 млн. жыхароў штата належыць да старажытных карэнных народаў. Большасць з іх пражывае ў стане крайняй беднасці, нягледзячы на багатыя прыродныя рэсурсы рэгіёна. 








All the contents on this site are copyrighted ©.