2016-02-19 11:02:00

Да Дня роднай мовы – аб мове ў Касцёле


21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта нагода, каб паразважаць аб ужыванні роднай мовы ў Касцёле ў Беларусі. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё запрасіла да дыскусіі вядомага мовазнаўцу, аўтара і ўкладальніка навукова-папулярных тэкстаў і кніг Вінцука Вячорку, а таксама арганізатара і выкладчыка курсаў “Мова нанова” Глеба Лабадзенку.

У кожнага народу з хрысціянскай традыцыяй Царква вызначала, якімі быць вышэйшым стылям і пластам мовы, вызначала стандарт кніжнай лексікі, высокастылёвай канструкцыі сказаў, адзначыў у інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Вінцук Вячорка. Што да хрысціянства ў Беларусі ўсіх вызнанняў, то, безумоўна, яно адыграла вялікую ролю ў фармаванні высокага стылю беларускай мовы да вымушанага перапынку ў XVIII-XIX стагоддзях. Гаворачы пра цяперашнюю мову Касцёла, богаслужбовую мову, мову публікацыяў, то, вядома, яна вымагае супольнай працы прафесіяналаў у мове і святароў-тэолагаў, падкрэсліў Вячорка. Трымаючы ў руках Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы, суаўтары якога – кс. Уладзіслаў Завальнюк і двое мовазнаўцаў Міхась Прыгодзіч і Валянціна Раманцэвіч, вучоны прызнаўся, што вельмі цешыцца, калі бачыць такую супрацу.

“Маё пакаленне людзей, якія прыходзілі да беларушчыны, адкрылі для сябе незраўнаны космас творчасці, выданняў, тэкстаў, даследаванняў беларускіх святароў-католікаў першай паловы ХХ стагоддзя. У прыватнасці, кніга айца Адама Станкевіча “Родная мова ў святынях” была сапраўдным адкрыццём. Неацэнны ўклад у развіццё беларускай мовы рабіў айцец Пётра Татарыновіч, які працаваў у Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, выдаваў у Рыме беларускамоўную літаратуру з выдатна распрацаванай тэрміналогіяй – вось я трымаю ў руках выдадзеныя ім лісты святых Апосталаў. Пад эгідай Ватыкану святар таксама выдаў беларускай лацінкай перакладзены ім знакаміты раман Генрыка Сенкевіча “Quo vadis” - у маёй бібліятэцы гэта выданне займае пачэснае месца”, - сказаў мовазнаўца.

У той жа час ён зазначыў, што Касцёл вяртаецца ў практыцы да беларускай мовы пасля дзесяцігоддзяў атаясамлення каталіцызму і польскасці ў Беларусі. У гэтым сэнсе, на яго думку, пэўным бар’ерам для звычайнага чалавека, які знаёміцца з каталіцкай дактрынай, тэкстамі, традыцыямі, ёсць ужыванне паланізмаў. Скажам, слова “баранак”, вакол якога не першае дзесяцігоддзе ідуць дыскусіі, у беларускай мове проста няма, прытым што гэта вельмі важны метафарычны вобраз. Таму вучоны раіць колам святароў разам з мовазнаўцамі яшчэ раз падыскутаваць над гэтым пытаннем.

“Трэба вяртацца да добрай практыкі мінулых стагоддзяў і да практыкі адраджэнцаў ХХ стагоддзя, якія ішлі за народнай мовай. Тое, што ў царкоўнаславянскай мове “благо”, у беларускай – “дабро”. І ў гэтым сэнсе “дабраславёны” – цалкам нармальнае слова. Што да формы “блаславіць”, то яно бытавала ў беларускай народнай мове як скарачэнне ад царкоўнаславянскага “благаславіць”, яго першая частка не мае сэнсу. Я быў бы настолькі смелы, каб паставіць пытанне пра выкарыстанне і слова “Царква” ў каталіцкай практыцы. Было б няправільна аддаваць яго толькі адной канфесіі. Гэта слова грэцкага паходжання. А слова “Касцёл”, якое ўжываецца ў нас цяпер, мае дастаткова яскрава выражаную афарбоўку паланізму, хаця самі палякі гэта слова, хутчэй за ўсё, пазычылі ў чэхаў, а тыя – у немцаў у свой час, немцы – у рымлян, а ў рымлян гэта азначала “замак, фартэцыя, умацаванне”. Слова “Царква” беларускім католікам не трэба цурацца”, - лічыць мовазнаўца.

Што тычыцца слова “Пан”, то хоць у цяперашняй беларускай літаратурнай мове яно часцяком успрымаецца як паланізм, гістарычна гэта не так. Бо гэта фактычна амаль агульнаславянскае слова, у якога старадаўнія індаеўрапейскія карані. Але гісторыя беларускага народу XIX-ХХ стагоддзяў прывяла да таго, што слова “пан” было моцна афарбаванае сацыяльна і часткова нацыянальна-этнічна. І таму на роўных варунках тэрмін “Госпад” меў бы магчымасць бытаваць у каталіцкай практыцы, лічыць Вячорка.

Свята Нараджэння Хрыстовага мовазнаўца раіць не называць “Ражджаством”, бо гэта вельмі спрошчанае перанясенне на беларускую глебу царкоўнаславянізму. “Раство” як і “Каляды” маюць права на існаванне, і што тычыцца апошняга слова, то яго не трэба цурацца, бо нічога паганскага ў ім няма, адзначыў мовазнаўца.

Цікавая і тэма націскаў, якія ў беларускіх словах часам ставяцца няправільна на манер польскай мовы. Напрыклад, у такіх словах як “сакрамэнт”, “святы”, “імя”, “прыйсця”, “сапраўды”, “хвала” націск трэба ставіць на апошні склад, а не на перадапошні, як у польскай мове. Таксама вернікі падчас Эўхарыстыі не рэдка блытаюць словы “уваскрасенне” і “ўваскрашэнне”. Гаворачы пра Езуса, трэба ўжываць назоўнік “уваскрасенне”, які ўтварыўся ад дзеяслова “уваскрасаць”, напрыклад, Хрыстус уваскрос. А “ўваскрашэнне” – ад дзеяслова “уваскрашаць”, напрыклад, Езус уваскрашае Лазара.

Выкладчык курсаў “Мова нанова” Глеб Лабадзенка вельмі рады, што Касцёл у Беларусі размаўляе з вернікам на роднай мове. Бо гэта вялікая ласка, калі ты можаш звяртацца да Бога на сваёй роднай мове, як і вялікая ласка тое, што мы маем Біблію па-беларуску, падкрэслівае выкладчык.

“Мне здаецца, што з усіх канфесій, які прысутнічаюць на тэрыторыі нашай краіны, найбольш беларусізаваны Касцёл. Нельга сказаць, што гэта паўсюдная з’ява, што ў кожным беларускім касцёле чуем беларускую мову, аднак адсотак пранікнення мовы ў імшу, у казанні вельмі высокі. Мне здаецца, нельга абагульняць, кажучы пра ўсю тэрыторыю нашай краіны, таму што на Гарадзеншчыне, на жаль, сітуацыя з гэтым горш, часта я чую там скажоную беларускую мову альбо польскую, і не заўсёды гэта абумоўлена сітуацыяй, якая ёсць у парафіі. Напрыклад, у Слоніме не так даўно проста на касцёльных лавах мне трапілася выданне, набранае кірыліцай з тэкстамі малітваў па-польску. Навошта гэта рабіць, калі вернікі нават чытаць па-польску не могуць? Чаму не маліцца адразу па-беларуску? Такія з’явы для мяне чужыя, непрыемныя, і, на маю думку, наша духоўнае кіраўніцтва павінна зважаць на такія выпадкі”, - лічыць энтузіяст беларускай мовы.

Адваротная сітуацыя сустракаецца вельмі часта, гаворыць Глеб Лабадзенка, калі ксёндз стараецца ўсяляк ужываць беларускую мову ў сваёй парафіі. Як прыклад выкладчык прыводзіць ксяндза Сяргея Сурыновіча з Друі – гэта прынцыпова беларускамоўны чалавек, які цяпер працуе ў тым ліку над перакладам Бібліі на беларускую мову, які “збеларушвае” саміх беларусаў, “збеларушвае” сваю парафію. 

“Мне здаецца, што святар павінен быць арыенцірам і ідэалам для парафіян не толькі ў духоўным сэнсе. Калі парафіяне бачаць, што святар прыгожа размаўляе па-беларуску, то хочацца верыць, што і яны будуць імкнуцца да гэтага. Паколькі Касцёл у многіх вёсках і малых населеных пунктах застаецца адзіным не толькі духоўным, але і культурніцкім цэнтрам, вельмі важна, каб святары ўсведамлялі і гэтую частку ўскладзенай на іх адказнасці”, - выказаў меркаванне арганізатар беларускамоўных курсаў.

Таксама выкладчык адзначыў, што вельмі ўдзячны Каталіцкаму Касцёлу за паслядоўную практыку ў плане выкарыстання беларускай мовы.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.