2016-02-19 12:04:00

Пантыфік адказаў на крытыку з боку грэка-католікаў


Асноўную частку прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Мексікі, якая адбылася 18 лютага 2016 г., папа Францішак прысвяціў сваёй сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і засцярогам украінскіх грэка-католікаў адносна сумеснай з ім Дэкларацыі.

Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук адзначыў у адным з інтэрв’ю, што многія грэка-каталіцкія вернікі адчуваюць сябе падманутымі Ватыканам і расчараваныя паўпраўдай, якую змяшчае дакумент, а некаторыя нават бачаць у ім ускосную падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Францішак прызнаўся, што прачытаў інтэрв’ю, і яно яго вельмі ўсхвалявала. Ён адзначыў, што добра ведае і шануе архіепіскапа Шаўчука, і дадаў, што крытыка павінна быць прачытана ў кантэксце ўсёй размовы, у якой іерарх моцна запэўнівае ў сваім адзінстве з Папам і застаецца дактрынальна бездакорным.

“Кожны мае права гаварыць тое, што ён думае”, - сказаў Францішак і дадаў, што архіепіскап выказвае сваю асабістую думку, бо “дакумент можна абмяркоўваць”. Дэкларацыя з’яўляецца дыскусійнай у той частцы, якая кажа пра Украіну; аднак, там гаворыцца пра тое, што вайну трэба спыніць і прыступіць да дамоў, сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што падтрымлівае “Мінскія пагадненні”.

Францішак адзначыў, што правёў з Патрыярхам Кірылам адкрытую двухгадзінную размову. Ён не згадзіўся паінфармаваць аб яе ходзе і аб тым, ці ішла гаворка аб магчымым візіце Пантыфіка ў Маскву. Сказаў, аднак, што не паедзе на Крыт з нагоды Усеправаслаўнага Сабору. “Я хацеў бы, я брат, але я павінен паважаць гэта”, - сказаў Францішак. Ён запэўніў, што на Саборы будзе прысутнічаць духоўна і накіруе сваё пасланне. А калі будуць запрошаны каталіцкія назіральнікі, ён будзе прысутнічаць і праз іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.