2016-02-24 13:32:00

Украінскі іерарх пра сустрэчу Папы і Патрыярха


“Мы жадаем ісці наперад разам з праваслаўнымі, будуючы не толькі мір, але і адзінства паміж Цэрквамі”, - заявіў архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук. 23 лютага 2016 г., падчас сустрэчы з журналістамі ў Рыме, ён распавёў пра рэакцыію ва Украіне на нядаўнюю сустрэчу папы Францішка і Патрыярха Кірыла і патлумачыў чаму некаторыя часткі падпісанай імі супольнай дэкларацыі былі неадназначна ўспрыняты ўкраінскім грамадствам. Іерарх паведаміў таксама, што падчас знаходжання ў Рыме запланавана яго сустрэча са Святым Айцом.

Прадстаяцель Украінскай грэка-каталіцкай Царквы назваў сустрэчу Пантыфіка і Патрыярха пазітыўным крокам, які з’яўляецца адпраўной, а не канчатковай кропкай. “Я думаю, што гэтыя абдымкі былі па-сапраўднаму сакральнымі. Сустрэчы падобнага кшталту становяцца эпахальнымі на экуменічным шляху Царквы”, - сказаў ён. Святы Дух “адкрыў невядомыя гарызонты, прымушаючы выйсці за чалавечыя рамкі”, дадаў іерарх.

Каментуючы падпісаны папам Францішкам і Патрыярхам Кірылам дакумент, архіепіскап заўважыў, што некаторыя яго часткі патрабуюць тлумачэння. Ён станоўча ацаніў “права на існаванне”, прызнанае за царкоўнымі супольнасцямі, якія ўзніклі ў выніку уніі, і права “прадпрымаць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў”, у якім раней адмаўлялася, але ў той жа час падкрэсліў, што права на існаванне ўстанаўлівае сам Бог. Акрамя таго, у пытанні аб “уніатызме” выклікае неразуменне ўжыванне тэрміну “царкоўныя супольнасці”, без канкрэтнага звароту да Украінскай грэка-каталіцкай Царквы.

“У тэрміналогіі сучаснай экуменічнай тэалогіі, гэты тэрмін выкарыстоўваецца для акрэслення хрысціянскіх супольнасцяў, якія не захавалі паўнаты апостальскай пераемнасці. Мы, аднак, з’яўляемся неад’емнай часткай каталіцкай супольнасці”, - сказаў ён.

Неразуменне, паводле яго, выклікалі таксама словы дэкларацыі аб вайне ва Украіне. “Сёння аб гэтым больш не кажуць так многа, але гэта драма для больш чым 45 млн. чалавек. Кожны дзень ёсць забітыя, параненыя, уваход рускіх салдат і цяжкой зброі”. Архіепіскап падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра грамадзянскае супрацьстаянне, а пра замежную агрэсію, і гэтага не адзначана ў дакуменце. “Святы Айцец усё растлумачыў. Ён заявіў, што сустракаўся з абодвума Прэзідэнтам і меў на ўвазе Прэзідэнта Пуціна і ўкраінскага Прэзідэнта Парашэнку. І гэта цудоўна. Гэта дае ўпэўненасць”, - сказаў ён.

Архіепіскап Святаслаў Шаўчук адзначыў, што ўкраінскі народ шмат пакутуе і таму яму цяжка зразумець значэнне таго прароцкага жэсту, якім стала сустрэча. Растлумачыць значэнне такіх жэстаў, якія з’яўляюцца дзейнасцю Святога Духа і прынясуць свае плёны, пакліканы пастыры. 

“Хрысціяне могуць пачаць дыялог, пачуць адно аднаго, прабачыць адно аднаго і прымірыцца, ісці ў напрамку поўнага і бачнага адзінства толькі тады, калі будуць свабоднымі ад геапалітыкі, ад падпарадкаванасці зямной уладзе, свабодныя ад вар’яцтва магутных гэтага свету”, - сказаў украінскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.