2016-03-04 16:06:00

Касцёл гатовы дзяліцца досведам у абароне непаўналетніх


Апытанне кардынала Джорджа Пэла Каралеўскай камісіяй па раследванні сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, а таксама адзнака прэміяй “Оскар” за лепшы фільм стужкі “У цэнтры ўвагі”, аб журналісцкім раследванні выпадкаў схавання шматлікіх злачынстваў святароў-педафілаў у Бостане, асабліва ў 1960-1980 гг., суправаджаюцца новай хваляй увагі з боку СМІ і грамадскай думкі да драматычнага пытання сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, асабліва з боку членаў духавенства.

У сувязі з гэтым кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі выступіў з заявай, у якой адзначыў, што “прадстаўленне гэтых двух выпадкаў, як сенсацыі, чыніць так, што вялікая частка публікі – асабліва найменш інфармаваная і якая мае кароткую памяць – думае, што ў Касцёле нічога ці вельмі мала робіцца, каб адказаць на жудасныя драмы”. “Аб’ектыўны аналіз паказвае, што гэта не так”, - заўважыў святар.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што арцыбіскуп Бостанскі падаў у адстаўку ў 2002 г., пасля падзей, пра якія апавядае фільм “У цэнтры ўвагі”, і пасля знакамітага пасяджэнне амерыканскіх кардыналаў, якое было склікана ў Рыме Янам Паўлам ІІ. З 2003 г. арцыбіскупам Бостанскім з’яўляецца кардынал Шон О’Мэлі, паўсюдна вядомы сваёй строгасцю і мудрасцю ў адносінах да пытанняў сексуальнах злоўжыванняў, за што быў прызначаны папам Францішкам, з ліку яго дарадчыкаў, на пасаду старшыні ватыканскай камісіі, створанай для абароны непаўналетніх.

Таксама і трагічныя падзеі ў Аўстраліі з’яўляюцца аб’ектам юрыдычных і кананічных раследванняў і працэсаў на працягу многіх гадоў. Папа Бэнэдыкт XVI, падчас свайго візіту у Сідней, у 2008 г., сустракаўся з маленькай групай ахвяр, у сядзібе архідыяцэзіі, якую у той час узначальваў кардынал Пэл. Гэта сведчыць, што падзеі ўжо тады былі вельмі актуальнымі і арцыбіскуп палічыў неабходнай падобную сустрэчу.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што на афіцыйным ватыканскім сайце ёсць раздзел прысвечаны сексуальным злоўжыванням з боку духавенства і адказу Касцёла на гэту праблему, у якім утрымліваецца каля 60 дакументаў і іншых тэкстаў.

Прадстаўнік Залы Друку заўважыў, што дзеля барацьбы з падобнымі злачынствамі ў Касцёле былі абноўлены кананічныя працэдуры і нормы; сфармуліраваны інструкцыі, мэтай якіх з’яўляецца, між іншым, прафілактыка злоўжыванняў; былі здейснены Апостальскія візіты, каб умяшацца ў найбольш цяжкія сітуацыі; праведзена глыбокая рэформа манаскай супольнасці “Легіянеры Хрыста”, заснавальнік якой паводзіў сябе амаральна ў гэтым пытанні.

Кс. Ламбардзі нагадаў пра ліст Бэнэдыкта XVI да ірландскіх католікаў – дакумент, які дапамагае зразумець пазіцыю Папаў і Касцёла перад драмай сексуальных злачынстваў. Яна заключаецца ў прызнанні цяжкіх памылак і просьбе аб прабачэнні, прыярытэтнай увазе і справядлівасці ў адносінах да ахвяраў, навяртанні і ачышчэнні, адказнасці за прадухіленне падобных з’яваў і абноўленым чалавечым і духоўным выхаванні.

У многіх краінах вынікі абнаўлення з’яўляюцца суцяшаючымі. Выпадкі злоўжванняў сталі крайне рэдкімі і большасць з тых, пра якія працягваецца гаворка сёння, тычацца здарэнняў, якія адбыліся дзесяткі гадоў таму. “У іншых краінах, звычайна па прычыне вельмі адрозных культурных сітуацый і яшчэ пазначаных маўчаннем, яшчэ трэба шмат зрабіць і хапае супраціву і цяжкасцяў, але шлях, якім трэба прайсці стаў больш ясны”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Між іншым кс. Ламбардзі заўважыў, што ва ўсім свеце, пераважная колькасць сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх здзейсняецца не ў касцёльных асяродках, але па-за імі. Ён прывёў у прыклад Азію, дзе ахвярамі становяцца дзесяткі мільёнаў дзяцей і падлеткаў, але канешне не ў каталіцкіх структурах.

“Касцёл, паранены і прыніжаны ранай злоўжыванняў, жадае рэагаваць не толькі дзеля ўласнага аздараўлення, але таксама, каб падзяліцца сваім цяжкім досведам ў гэтай сферы, каб узбагаціць сваё выхаваўчае і душпастырскае служэнне з усім грамадствам, якое яшчэ мае перад сабой доўгі шлях да ўсведамлення праблем і адказу на іх”, - дадаў святар.

На заканчэнне заявы кс. Ламбардзі падкрэсліў, што калі заклікі прысутныя ў фільме “У цэнтры ўвагі” і мабілізацыя ахвяраў злоўжыванняў паспрыяюць барацьбе супраць падобных злачынстваў у Каталіцкім Касцёле і сучасным свеце (дзе памер гэтых драм не мае межаў), яны будуць вітацца.








All the contents on this site are copyrighted ©.