2016-03-04 12:43:00

Новыя святыя і благаслаўлёныя з’явяцца ў Касцёле


У Касцёле з’явяцца два новыя святыя, два благаслаўлёныя і восем Слугаў Божых. 3 сакавіка 2016 г. падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэла Амата папа Францішак ухваліў адмысловыя дэкрэты. 

Дэкрэты аб прызнанні цудаў адкрываюць шлях да кананізацыі біскупа Мануэля Ганзалеса Гарсіі, “апостала Эўхарыстыі”, заснавальніка некалькіх манаскіх супольнасцяў і эўхарыстычнага таварыства, які падвяргаўся пераследу ў перыяд грамадзянскай вайны ў Іспаніі, а таксама французскай кармелітанкі, Элізабеты ад Тройцы, якая пражыла ўсяго 26 гадоў, ахвяруючы свае пакуты, выкліканыя хваробай, за збаўленне душаў.

Дакументы аўтарызаваныя Пантыфікам, адкрываюць шлях да беатыфікацыі французскага кармеліта Марыі Эўджэніа ад Дзіцятка Езуса, заснавальніка Інстытута Маці Божай Жыцця і аргентынская законніцы Марыі Антоніі ад святога Юзафа, заснавальніцы езуіцкага рэкалекцыйнага дому ў Буэнас-Айрэсе.

Папа таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў васьмі новых Слугаў Божых: швейцарскага салезіяніна Стэфана Феранда, іспанскай законніцы Марыі Ньевес ад Святой Сям’і і некалькіх італьянцаў: біскупа і місіянера Энрыка Батыста Станіслао Верьюса, дыяцэзіяльных святароў Джавані Батыста Квілічы і Бернарда Маціа, францішканіна Квірыча Піньальберы, а таксама дзвюх законніц: Тэадоры Кампастрыні і Бьянкі Пікаламіні Клементыні. 








All the contents on this site are copyrighted ©.