2016-03-05 13:53:00

Святы Айцец прыняў лідэра швейцарскіх пратэстантаў


4 сакавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане старшыню Рады Пратэстанцкіх Цэркваў Швейцарыі, пастара Готфрыда Лохера. Пасля сустрэчы з Пантыфікам ён прызнаўся, што быў уражаны адкрытасцю Святога Айца. Размова была вельмі глыбокай і сардэчнай, сказаў прадстаўнік швейцарскіх пратэстантаў у каментары для Ватыканскага радыё. Паводле яго слоў, з Папам ён абмяркоўваў пытанні, звязаныя з экуменізмам і 500-годдзем Рэфармацыі, якое прыпадае на 2017 г. 

“Мы хочам узгадаць пра тое, чаго Рэфармацыя намагалася дасягнуць, а не тое, што прынесла. Мы хочам надаць актуальнасць гэтаму ў наш час, бо мэтай Рэфармацыі было адкрыццё нашых позіркаў на Хрыста, Які павінен быць крыніцай нашай веры. Сёння мы патрабуем таго ж”, - сказаў пастар.

На яго думку, іншым важным элементам юбілею Рэфармацыі павінна стаць еднасць Цела Хрыста. “Мы павінны яе дасягнуць. У Швейцарыі сёння два мільёны пратэстантаў і тры мільёны католікаў. Усе разам мы складаем пераважную большасць насельніцтва. Але патрэбна адзінства”, - сказаў ён і нагадаў пра важнасць бачных і публічных знакаў адзінства паміж вызнаўцамі Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.