2016-03-05 11:02:00

Францішак: духоўная слепата перашкаджае бачыць істотнае


Духоўная слепата перашкаджае бачыць самае істотнае, робіць людзей абыякавымі і залежнымі ад валодання матэрыяльным, ад поспеху і моцных ўражанняў, сказаў папа Францішак 4 сакавіка 2016 г. падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы св. Пятра. Перад яго пачаткам Пантыфік прыступіў да сакрамэнту споведзі, а затым сам паспавядаў некалькіх вернікаў. Набажэнства прайшло ў рамках ініцыятывы “24 гадзіны для Пана”, падчас якой многія храмы ва ўсіх дыяцэзіях свету не зачыняліся на ноч, каб даць магчымасць большай колькасці вернікаў прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

У сваёй гаміліі Святы Айцец перасцярог ад духоўнай слепаты. “З-за нашых грахоў з нашых вачэй знікла дабро. Яны аддалілі нас ад прыгажосці нашага паклікання і прымусілі блукаць далёка ад мэты”, - сказаў Папа. Духоўная слепата, паводле яго, перашкаджае бачыць істотнае і прымушае засяроджвацца на павярхоўным, робіць нячулымі да іншых.

“Як проста і памылкова думаць, што жыццё залежыць ад таго, што маеш, ад поспеху ці ўражанняў, што эканоміка павінна служыць толькі прыбытку і спажывецтву, што асабістыя жаданні павінны дамінаваць над сацыяльнай адказнасцю. Гледзячы толькі на наша “я”, мы становімся сляпымі, безініцыятыўнымі і сканцэнтраванымі толькі на саміх сабе, пазбаўленымі радасці і сапраўднай свабоды”, - сказаў Францішак.

Святло Хрыста, аднак, заклікае да таго, “каб мы не заставаліся закрытымі ў нашай цёмнай слепаце”, а Яго прысутнісць “дазваляе нам адчуць сябе патрабуючымі збаўлення”. З гэтага, паводле Папы, пачынаецца  аздараўленне сэрца.

Святы Айцец заклікаў вернікаў адмовіцца ад таго, што перашкаджае крочыць да Хрыста, што дае пачуццё фальшывай бяспекі, а таксама аднавіць духоўную шляхетнасць і годнасць умілаваных дзяцей, якія стаяць перад Панам. 








All the contents on this site are copyrighted ©.