2016-03-08 14:12:00

Трэцяя гадавіна пантыфікату Францішка


Напярэдадні трэцяй гадавіны абрання аргентынскага кардынала Хорхе Марыа Берголіа на Пасад св. Пятра, якая будзе адзначацца 13 сакавіка 2016 г., кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Федэрыка Ламбардзі прааналізаваў чарговы год пантыфікату Францішка. Акрэслены перыяд ён назваў “вельмі насычаным і багатым на падзеі”, а Святога Айца ахарактарызаваў як “лідэра, які выклікае давер”.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду назваў асноўныя прычыны, што спрыяюць росту аўтарытэта Пантыфіка як “настаўніка чалавецтва”. Па-першае, за гэты год Папа наведаў амаль усе кантыненты. Прысутны на сусветнай арэне, Святы Айцец уздымае тэмы міру і вайны, закранае сацыяльны праблемы, выкліканыя працэсам глабалізацыі, крытыкуе “культуру адчужэння”, заклікае да справядлівасці. Усебаковы падыход да вострых пытанняў чалавецтва Францішак здолеў прадставіць у сваёй апошняй энцыкліцы “Laudato si’”. Таму, па словах кіраўніка Залы Друку, “чалавецтва глядзіць на папу Францішка як на чалавека, які дапамагае знайці арыенціры”.

Па-другое, Францішак прыкладае вялікія намаганні ў справе пашырэння ідэі міласэрнасці, якая павінна суправаджаць як учынкі, так і спосаб мыслення хрысціяніна. З распачаццем Юбілейнага Года, падкрэсліў кс. Ламбардзі, мы апынуліся ў самым сэрцы гэтага пантыфікату – “духоўнасці, увасабленай у канкрэтных ўчынках міласэрнасці”.

Па-трэцяе, Святы Айцец надае вялікае значэнне правядзенню рэформ унутры Касцёла, якія б дазвалялі ўсім яе структурам эфектыўна выконваць сваю місію ў сучасным свеце. Многія рашэнні Папы падвяргаюцца крытыцы, нават з боку вернікаў, што, на думку кс. Ламбардзі, зразумела і тлумачыцца проста: ва ўмовах сучаснага свету, з яго хуткімі зменамі і сур’ёзнымі выклікамі, Францішак вымушаны “пракладваць шлях у цемры”. І гэта Пантыфік робіць з вялікай адвагай і непахіснай верай. А дэманструючы сваю блізкасць і асаблівую спагаду да хворых і церпячых, Папа дае кожнаму магчымасць адчуць блізкасць Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.