2016-03-11 15:12:00

Святы Пасад: забяспечыць хворым на СНІД дастойнае жыццё


Выкараняць перашкоды, што не дазваляюць хворым на СНІД годна жыць і карыстацца правам на ахову здароўя, заклікаў 11 сакавіка 2016 г. кс. Рычард Гейра, часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы ў аддзяленнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе, які ў гэтыя дні прымае ўдзел у 31-й сесіі Рады ААН па правах чалавека. 

У сваім выступленні на Форуме, прысвечаным эпідэміі СНІД, ён акрэсліў найбольш вострыя праблемы, з якімі сутыкаюцца дзяржавы ў барацьбе з гэтай хваробай і яе трагічнымі наступствамі. Адна з іх, на думку кс. Гейры, вынікае з зацікаўленасці ў рэнтабельнасці лекаў і дыягнастычнага абсталявання, што вядзе да несбалансаванай цэнавой палітыкі. Другая – размежаванне краін з нізкім, сярэднім і высокім узроўнем даходаў выключна на аснове валавога нацыянальнага даходу, які не ўлічвае выдаткі медыцынскага сектару і іншыя эканамічныя і сацыяльныя складнікі ўзроўню здароўя насельніцтва.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў недастатковую ўвагу, што надаецца даследванням і распрацоўкам у галіне медыцынскіх прэпаратаў для дзяцей, якія б маглі накіроўвацца ў краіны з нізкім ўзроўнем даходу і слаба развітымі тэхналогіямі. Пры гэтым кс. Гейра назваў поспехам рашэнне Рады па гандлёвых аспектах правоў інтэлектуальнай ўласнасці Сусветнай гандлёвай арганізацыі аб пазбаўленні найменш развітых краін неабходнасці абараняць патэнты і дадзеныя доследаў фармацэўтычнай прадукцыі да 2033 г.

Ватыканскі дыпламат нагадаў словы Папы адносна таго, што ўзаемазалежнасць і інтэграцыя эканомік павінна спрыяць лепшаму функцыянаванню сацыяльнага сектару і сістэмы аховы здароўя краін.








All the contents on this site are copyrighted ©.