2016-03-22 15:34:00

У Вялікі чацвер Святы Айцец абмые ногі бежанцам


Падчас Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер папа Францішак абмые ногі дванаццаці бежанцам. Літургія пройдзе ў цэнтры для мігрантаў, якія чакаюць атрымання прытулку ў Італіі, паведамілі 22 чакавіка 2016 г. у Ватыкане. Ён знаходзіцца ў Кастэльнуова-дзі-Порта, прадмесці Рыма. 

Гэта “будзе просты і выразны жэсты”, знак “служэння і ўвагі да сітуацыі гэтых асоб”, падкрэсліў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела. Ён дадаў, што літургія ў цэнтры для бежанцаў упісваецца ў кантэкст Юбілею Міласэрнасці, які зараз праходзіць у Касцёле. 

Папа “хоча сказаць нам аб патрэбе належнай увагі да самых слабых у гэты гістарычны час, аб тым, што мы пакліканы вярнуць ім годнасць, не адмаўляючыся ад гэтага задання”, лічыць ватыканскі іерарх. Францішак, дадаў ён, “падштурхоўвае глядзець на Пасху вачыма тых, хто перажывае сваю веру ў служэнні асобам, якія носяць на сваім абліччы сляды пакут і насілля”. Іерарх заўважыў, што некаторыя з тых, каму абмые ногі Пантыфік, не з’яўляюцца католікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.