2016-03-23 11:46:00

Пантыфік: Пасхальны Трыдуум – гэта мемарыял драмы любові


Катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 23 сакавіка 2016 г. папа Францішак прысвяціў падзеям Святога Пасхальнага Трыдуума, які пачнецца ў Касцёл літургіяй Вячэры Пана, у Вялікі чацвер. Пантыфік нагадаў, што гэты час дазваляе непасрэдна ўнікнуць у таямніцу ўваскрасення Езуса Хрыста.

“Усё ў гэтыя тры дні кажа пра міласэрнасць, бо дэманструе, да чаго можа дайсці любоў Бога. Паслухаем апавяданне пра апошнія дні жыцця Езуса. Евангеліст Ян дае нам ключ для разумення іх глыбокага сэнсу: “Палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13,1). Божая любоў не мае межаў. Як часта паўтараў св. Аўгустын, гэта любоў, якая ідзе “аж да канца без канца”. Бог па-сапраўднаму аддаў усё за кожнага з нас і не пашкадаваў нічога. Таямніца, якой аддаем пашану ў Вялікі Тыдзень – гэта вялікая гісторыя любові, якая не ведае бар’ераў. Мука Езуса працягваецца аж да канца свету, бо гэта гісторыя раздзялення пакутаў усяго чалавецтва і пастаяннай прысутнасці ў падзеях асабістага жыцця кожнага з нас. Такім чынам, Пасхальны Трыдуум – гэта мемарыял драмы любові, які дае нам упэўненасць у тым, што ніколі не будзем пакінуты ў жыццёвых выпрабаваннях”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што ў Вялікі чацвер узгадваецца ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі. Каб вучні зразумелі яго значэнне, Пан абмыў ім ногі, яшчэ раз даючы прыклад таго, як і яны павінны паступаць. “Эўхарыстыя – гэта любоў, якая служыць. Гэта ўзвышаная прысутнасць Хрыста, Які жадае ўталіць голад кожнага чалавека, асабліва самых слабых, каб даць ім здольнасць ісці шляхам сведчання паміж цяжкасцяў свету. І не толькі. Даючы сябе ў якасці ежы, Езус сведчыць, што мы павінны навучыцца падзяляць з іншымі гэты пасілак, каб стаў сапраўднай камуніяй жыцця з тымі, хто ў патрэбе. Ён дорыць нам сябе і просіць заставацца ў Ім, каб рабіць тое ж”, - сказаў Святы Айцец.

Вялікая пятніца, паводле Папы, гэта “кульмінацыйны момант любові”. Смерць Езуса на крыжы выражае бязмежную любоў, якая жадае ахапіць усіх, не выключаючы нікога. Гэта любоў прасціраецца на ўсе часы і месцы: гэта невычэрпная крыніца збаўлення з якой усе мы, грэшнікі, можам чэрпаць. “Калі Бог прадэманстраваў сваю найвышэйшую любоў ў смерці Езуса, таксама і мы, адроджаныя Святым Духам, можам і павінны любіць адно аднаго”, - падкрэсліў Пантыфік.

Вялікую суботу Францішак назваў днём “маўчання Бога”. “Павінен быць дзень маўчання, і мы павінны рабіць усё, каб для нас ён стаў днём маўчання, як ў тыя часы: днём маўчання Бога. Езус пакладзены ў магілу раздзяляе з усім чалавецтвам драму смерці. Гэта маўчанне, якое прамаўляе і выражае любоў, як салідарнасць з пакінутымі назаўсёды, якіх Сын Божы дасягае, запаўняючы пустату, якую толькі бясконцая міласэрнасць Бога Айца можа напоўніць. Бог маўчыць, але з любові. У гэтым сэнсе любоў – гэта маўклівая любоў – становіцца чаканнем жыцця ва ўваскрасенні”, - сказаў Папа.  

Пантыфік заўважыў, што чалавечых слоў недастаткова, каб выказаць гэту вялікую таямніцу любові і міласэрнасці. Дапамагчы ў гэтым, на яго думку, могуць словы малавядомай англійскай законніцы і містычкі, Юліяны Норвічскай, якой Езус прызнаўся, што калі б меў магчымасць, то пагадзіўся б  пакутаваць за людзей яшчэ. 

Францішак заклікаў вернікаў адкрыцца на Божую міласэрнасць, якая выходзіць ім насустрач і на працягу бліжэйшых дзён, сузіраючы муку і смерць Пана, прыняць у сэрца веліч Яго любові, і як Марыя, у маўчанні чакаць Яго ўваскрасення. 








All the contents on this site are copyrighted ©.