2016-03-26 11:18:00

Кардынал Грахалеўскі – спецыяльны пасланнік Папы ў Беларусь


Святы Айцец прызначыў кардынала Зянона Грахалеўскага, прэфекта на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, сваім спецыяльным пасланнікам на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі, які будзе праходзіць у Гродна 24-26 мая 2016 г. з нагоды 25-годдзя ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі.

Раней Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да вернікаў і духавенства са спецыяльным лістом, у якім нагадаў, што 25-годдзе ўтварэння дыяцэзіі рашэннем св. Яна Паўла ІІ, гэта нагода азірнуцца, ацаніць пройдзены шлях і падсумаваць дасягненні. Падкрэсліваючы, што ў гісторыі Каталіцкага Касцёла 25-гадовы прамежак часу не з’яўляецца надта значным, іерарх адначасова звярнуў увагу на значныя змены, якія адбыліся ў гады адраджэння Касцёла: “сёння мы жывём у абсалютна іншую эпоху”, якая наступіла пасля грамадскіх і палітычных пераменаў 90-ых гадоў, падкрэсліў ён.

“Сёння Каталіцкі Касцёл выконвае сваю евангелізацыйную місію ў абсалютна іншых умовах, - большасць парафіяў мае ўласных душпастыраў, усё больш свецкіх католікаў актыўна ўключаецца ў жыццё і місію Касцёла”, - напісаў іерарх. Ён абвясціў, што Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс стане падзякай за 25-годдзе існавання Гродзенскай дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.