2016-04-07 13:13:00

Беларуская выстава ў Ватыкане – першая з Усходняй Еўропы


Выстава сакральнага мастацтва з Беларусі стане першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях. Яна адкрыецца 19 мая і працягнецца да 25 ліпеня 2016 г, паведаміў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё дырэктар Ватыканскіх музеяў, прафесар Антоніа Паолучы.

Ідэя правядзення выставы беларускіх ікон у Ватыкане нарадзілася падчас візіту Дзяржсакратара Пьетра Параліна ў Мінск, 12-15 сакавіка 2015 г.

Увазе наведвальнікаў Ватыканскіх музеяў будуць прадстаўлены сакральныя выявы, створаныя ў розныя гістарычныя перыяды, “найбольш значныя творы беларускай мастацкай традыцыі”, заўважыў прафесар Паолучы. На яго думку, беларуская выстава ў Ватыкане – гэта значная падзея і, магчыма, пачатак доўгага супрацоўніцтва, паколькі “культурныя адносіны з краінамі Усходняй Еўропы, асабліва з праваслаўнай большасцю, знаходзяцца на вяршыні памкненняў і праектаў Апостальскай Сталіцы”.

Улічваючы тое, што Беларусь знаходзіцца на мяжы паміж праваслаўнай і каталіцкай часткамі Еўропы, выстава прадэманструе наколькі заходняе хрысціянства з’яўляецца падобным, і ў той жа час адментным ад усходняга. Падзея будзе насіць экуменічны характар, “бо экуменізм будуецца таксама дзякуючы адносінам і культурнаму абмену”, падкрэсліў дырэктар Ватыканскіх музеў.

Значная частка старажытных беларускіх ікон і літургічных прыладаў знаходзіцца сёння ў дзяржаўных музеях, у той час як храмы, з якіх яны былі забраны ў часы камунізму, дзейнічаюць ужо больш за 20 гадоў. Адказваючы на пытанне, ці ўсё гэта павінна быць звернута вернікам, Антоніа Паўлучы заўважыў, што ў першую чаргу трэба браць пад увагу захаванасць твораў мастацтва. Таксама і ў Італіі дзейнічаюць згодна з гэтым крытэрыем. “У прынцыпе, добра, каб творы сакральнага мастацтва захоўваліся ў месцах, дзе былі створаны. Аднак, калі ўмовы для бяспекі і належнага захавання недастатковыя, правільней будзе перанесці іх у музеі. Трэба разглядаць кожны выпадак асобна”, - сказаў ён.

Выстава беларускага сакральнага мастацтва будзе першай з Усходняй Еўропы ў Ватыкане, але, як паведаміў дырэктар, рыхтуюцца і наступныя. Зараз вядзецца праца па арганізацыі выставы з Расіі. Яна, магчыма, адбудзецца ў наступным годзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.