2016-04-08 12:30:00

Адгартацыя Папы пра сям’ю: міласэрнасць і інтэграцыя


8 красавіка 2016 г. была апублікавана другая Апостальская адгартацыя папы Францішка. Яна называецца “Amoris Laetitia” (Радасць любові). Дакумент прысвечаны любові ў сям’і і з’яўляецца плёнам працы Сінода Біскупаў, пасяджэнні якога праходзілі ў Ватыкане ў 2014 і 2015 гг. Адгартацыя скаладаецца з дзевяці радзелаў. Яе лейтматыў – міласэрнасць і інтэграцыя.

Пачынаецца дакумент спасылкай на Божае слова аб прыгажосці саюзу паміж мужчынам і жанчынай. Затым Пантыфік узгадвае пра шматлікія выклікі, з якімі сутыкаюцца сучасныя сем’і: гаворка ідзе пра “антынараджальную” ментальнасць, праблемы з жыллём, злоўжыванні адносна непаўналетніх, “яшчэ больш абуральныя”, калі здараюцца ў сям’і, школе або хрысціянскіх структурах. Францішак звярнуў увагу на “юрыдычнае разбурэнне сям’і”, якое заключаецца ў “спрошчаным прыраўноўванні да сужэнства” фактычных саюзаў або саюзаў паміж асобамі аднаго полу. Выклікамі з’яўляецца таксама сурагатнае мацярынства і гендэрныя ідыялогіі, якія навязваюць “адзінае мысленне”. Перад абліччам усяго гэтага хрысціяне пакліканы даваць радаснае сведчанне аб сакрамэнтальным сужэнстве з блізкасцю да ўразлівых асоб і ўказаннем “шляхоў да шчасця”.

Непарыўнасць сужэнства не павінна разумецца ў якасці “цяжару”, а сакрамэнт у якасці “пустога абраду, сацыяльнай канвенцыі”, але ў якасці “дару для асвячэння і збаўлення сужонкаў”. 

Сужэнскую любоў Францішак акрэсліў як “сяброўскую”, паколькі, як і ў сяброўстве, яе мэта заключаецца ў пошуку карысці бліжняга. Сяброўская любоў “называецца любоўю”, паколькі “расплюшчвае вочы і дазваляе бачыць, наколькі каштоўнай з’яўляецца чалавечая істота”. У гэтым кантэксце Папа падкрэсліў важнасць сексуальнага жыцця паміж сужонкамі: “цудоўнага дару”, “міжасабовай мовы”, якая ўлічвае “сакральную і непарушную каштоўнасць бліжняга”.

Любоў павінна быць плённай і адкрытай на жыццё, а кожнае дзіця мае права на бацьку і маці. Францішак нагадаў сужонкам, якія не могуць мець дзяцей, што мацярынства “выражаецца рознымі спосабамі”. Ён заклікаў да спрашчэння юрыдычных працэдур, звязаных з усынаўленнем дзяцей, з улікам іх карысці і неабходнасці супрацьдзеяння гандлю непаўналетнімі.

Францішак перакананы, што патрэбна паглыбленне перадсужэнскай падрыхтоўкі, а таксама суправаджэнне сужонкаў пасля заключэння імі саюзу. Гаворка ідзе пра “місійнае душпастырства сем’яў”, а не пра “фабрыку курсаў” для “маленькіх элітных груп”. Папа нагадаў, што дзеці не павінны станавіцца “закладнікамі” драматычных сітуацый у сям’і. Ён падкрэсліў, што перад абліччам насілля, злоўжыванняў і дэспатызму, сепарацыя непазбежная і “маральна неабходная”.

Гаворачы пра гомасексуальных асоб, Святы Айцец падкрэсліў важнасць павагі да іх годнасці і недапушчэння “несправядлівай дыскрымінацыі”. У той жа час, ён заўважыў, што “не існуе ніякіх падставаў”, каб прыраўноўваць або праводзіць “нават аддаленыя” аналогіі паміж гомасексуальнымі саюзамі і сужэнствам, згодным з Божай задумай. “Непрымальна”, каб у гэтым пытанні Касцёл падвяргаўся ціску.

Шмат ўвагі ў адгартацыі звернута на адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. Гэты працэс павінен садзейнічаць “развіццю адказнай свабоды”, спрыяць “уменню чакаць” і быць месцам сустрэчы паміж бацькамі і дзецьмі. Сексуальнае выхаванне, паводле Папы, павінна “вучыць любіць” і праводзіцца ў адпаведны для гэтага час.

Гаворачы пра сем’і, якія перажываюць цяжкія сітуацыі, Францішак сцвердзіў, што “не трэба чакаць ад адгартацыі новых агульных нормаў кананічнага тыпу, прыдатных для ўсіх выпадкаў”. 

Душпастыры павінны спрыяць хрысціянскаму сакрамэнтальнаму сужэнству, выключнаму, свабоднаму і вернаму саюзу паміж мужчынам і жанчынай, але таксама з міласэрнасцю прымаць, суправаджаць і інтэграваць асоб, якія перажываюць скаладаныя сітуацыі. “Шлях Касцёла, гэта шлях Езуса: міласэрнасць і інтэграцыя”. Ён нікога не асуджае навечна, але вылівае Божую міласэрнасць, “на ўсіх людзей, якія просяць аб гэтым з шчырым сэрцам”. Згодна з логікай Евангелля “ніхто не можа быць асуджаны назаўсёды”, дадаў Папа.

Разведзеных асоб, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах Пантыфік заклікаў інтэгравацца ў жыццё каталіцкай супольнасці праз сацыяльную дзейнасць і малітоўныя сустрэчы. Яны не павінны адчуваць сябе “экскамунікаванымі”, адлучанымі. “Не існуе простых рэцэптаў”, - напісаў Папа. Можна толькі заахвочваць да адказнай праніклівасці ў асобных выпадках, таму што “ступень адказнасці не аднолькавая для ўсіх”.

Тое ж тычыцца і дысцыпліны сакрамэнтаў. Можа здарацца, што ў пэўных сітуацыях “няма цяжкай віны” і таму “вынікі нормы не абавязкова павінны быць заўсёды тымі ж” для ўсіх выпадкаў. Францішак падкрэсліў, што “у пэўных выпадках” дапамога Касцёла ў складаных сітуацыях “можа быць таксама сакрамэнтальнай”. “Канфесіяналы не павінны быць катавальнямі”, а “Эўхарыстыя – гэта не прэмія для дасканалых, але дапамога для слабых”, нагадаў Пантыфік.

Касцёл не падтрымлівае “двайной маралі”, але і маральныя законы не могуць быць “камянямі”, кінутымі супраць вернікаў. Францішак заклікаў працягваць падтрымліваць поўны евангельскі ідэал сужэнства, але таксама прымаць “спачувальную логіку да слабых людзей”, у адпаведнасці з “першынствам любові”, якая не ставіць умоў для Божай міласэрнасці, але выказвае гатоўнасць зразумець, прабачыць, суправаджаць і інтэграваць.








All the contents on this site are copyrighted ©.