2016-04-09 13:10:00

Папа: міласціна – гэта не кіданне манеты ў спешцы


“Міласціна” стала цэнтральным словам у разважаннях Святога Айца падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 красавіка 2016 г. на плошчы св. Пятра пры ўдзеле 40 тыс. вернікаў з усяго свету. У грэчаскай мове, заўважыў Францішак, яно паходзіць ад слова “міласэрнасць”.

Абавязак міласціны гэтак жа стары, як і Біблія. Ахвярнасць і дабрачыннасць былі двума абавязкамі, якія павінен быў выконваць рэлігійны чалавек. Бог жадаў, каб Яго народ клапаціўся аб братах. Пантыфік заўважыў, што патрабуючыя займаюць цэнтральнае месца ў біблійным пасланні, як і праслаўленне Бога праз ахвяры і міласэрнасць адносна іншых.

“Гэта азначае, што любоў патрабуе, перш за ўсё, стаўлення ўнутранай радасці. Ахвяраваная міласэрнасць не можа быць цяжарам або непрыемнасцю, ад якіх трэба вызваліцца ў спешцы. Многія людзі апраўдваюцца, кажучы: чаму я павінен даваць грошы чалавеку, які тут жа пойдзе купіць віно і нап’ецца. Калі ён напіваецца, то гэта таму, што няма іншага шляху. А што робіш ты таемна, калі ніхто цябе не бачыць? І ты суддзя гэтага беднага чалавека, які просіць у цябе грошай на шклянку віна?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што Езус патрабуе, перш за ўсё, каб мы давалі міласціну не для сваёй славы, але гледзячы на бедных, і спрабуючы зразумець іх патрэбы. “У той жа час мы павінны адрозніваць беднасць ад розных форм жабравання, якія не робяць добрай паслугі па-сапраўднаму бедным”, - заўважыў ён.

“Лічыцца не знешняе, а здольнасць спыніцца, каб паглядзець у вочы чалавеку, які просіць аб дапамозе. Кожны з нас можа спытаць сябе: ці я ў стане спыніцца і паглядзець на яго твар, зазірнуць у вочы чалавеку, які просіць мяне дапамагчы? Ці змагу так? Таму мы не можам атаясамліваць міласціны з кіданнем манеты ў спешцы без таго, каб паглядзець на чалавека, спыніцца, каб паразмаўляць і зразумець, чаго ён патрабуе на самой справе”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што “міласціна з’яўляецца чынам любові, звернутым да людзей, з якімі мы сутыкаемся”. “Гэта жэст шчырай увагі да тых, хто побач з намі і хто просіць нашай дапамогі, здзейнены ў таямніцы, дзе толькі Бог бачыць і разумее значэнне ўчыненага”, - дадаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.