2016-04-13 10:50:00

Біскупы Еўропы павіншавалі католікаў Беларусі


Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы павіншавала католікаў Расіі, Беларусі і Казахстану з 25-й гадавінай аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў краінах. Аўтары спецыяльнага ліста, накіраванага на імя старшынь епіскапатаў, нагадалі, што гэта рашэнне было прынята 13 красавіка 1991 г. св. Янам Паўлам II.

Гадавіна стала магчымасцю не толькі “аб’яднацца з вашай радасцю”, але і ўзгадаць “многіх асоб, якія захавалі веру, нават коштам свайго жыцця”, гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным 13 красавіка 2016 г. Пасля дзесяцігоддзяў пераследу, рэлігійная свабода дазволіла Каталіцкаму Касцёлу развівацца і прыносіць веру і надзею, якія на працягу многіх гадоў, здавалася, былі знішчаны.

“Касцёл у Еўропе дыхае двума лёгкімі і Каталіцкі Касцёл у Расіі і ў Беларусі мае вырашальнае значэнне для будучыні Касцёла ва ўсёй Еўропе”, - гаворыцца ў лісце. Яго аўтары лічаць, што юбілей павінен стаць для ўсіх католікаў узгаданых краін магчымасцю аднавіць сваю надзею на Хрыста і місійную дынаміку, а “інстытуцыйныя адносіны” з дзяржавай, з Праваслаўнай Царквой, з іншымі біскупскімі канферэнцыямі Еўропы пакліканы прычыніцца да будавання міру і паяднання для агульнага дабра.

Ліст завяршаецца запрашэннем працягваць агульную працу абвяшчэння Евангелля. “У сучасным свеце многія людзі да гэтага часу не ведаюць Бога. Будзем працаваць не перастаючы, каб усё чалавецтва змагло пазнаць і палюбіць Бога праўдзівага”.








All the contents on this site are copyrighted ©.