2016-04-13 11:39:00

Францішак крытычна пра “фасадную” рэлігійнасць


Cтаць вучнем Хрыста можа кожны грэшнік, які прызнае ўласныя правіны і адкрываецца на Божую міласэрнасць, лічыць папа Францішак. Ён узначаліў 13 красавіка 2016 г. у Ватыкане агульную аўдыенцыю. Падcтавай для яго разважанняў стала евангельскае апавяданне пра пакліканне св. Мацвея.

“Выбраўшы Мацвея, Езус паказвае грэшнікам, што не глядзіць на іх мінулае, на іх сацыяльны стан, на знешнюю прыстойнасць, але, у першую чаргу, адкрывае іх на новую будучыню. Аднойчы я чуў такую цудоўную прымаўку: “Няма святога без мінулага і няма грэшніка без будучыні”. (...)
Дастаткова адказаць за заклік з пакорным і шчырым сэрцам. Касцёл – гэта супольнасць не дасканалых, а вучняў, якія знаходзяцца на шляху, якія ідуць за Панам, паколькі прызнаюць сябе грэшнікамі і патрабуючымі Яго прабачэння. Таму хрысціянскае жыццё – гэта школа пакоры, якая адкрывае на ласку”, - сказаў Папа. 

Такая пазіцыя з’яўляецца незразумелай для тых, хто лічыць сябе “справядлівым” або лепшым за іншых. Пыха і высакамернасць не дазваляюць прызнаць сябе патрабуючым збаўлення, перашкаджаюць бачыць міласэрнае аблічча Бога і дзейнічаць з міласэрнасцю. А Езус прыйшоў менавіта, каб знайсці кожнага з нас, каб залячыць нашы раны і з любоўю паклікаць за сабой, падкрэсліў Пантыфік.  

“Ён кажа гэта ясна: “Не здаровым патрэбны лекар, а хворым”. Езус прадстаўляе сябе ў якасці добрага лекара! Ён абвяшчае Божае Валадарства і знакі Яго прыйсця відавочныя: Ён лечыць хваробы, вызваляе ад страху, смерці і злога. Для Езуса ніводзін грэшнік не павінен быць адчужаным, паколькі аздараўляючая сіла Бога не ведае хваробаў, якія не могуць быць вылечаны. Гэта павінна нас напаўняць даверам і адкрываць наша сэрца на Пана, Які прыходзіць і вылечвае нас. Клічучы грэшнікаў за свой стол, Ён іх аздараўляе, вяртаючы ім тое пакліканне, якое яны лічылі згубленым і пра якое забыліся фарысеі: пакліканне запрошаных на вячэру Бога”, - сказаў Папа.

Прабыванне за супольным сталом з Езусам перамяняе і збаўляе, перакананы Папа. Ён нагадаў, што для хрысціян “стол Пана” мае два вымярэнні: гэта стол Божага Слова, і стол – Эўхарыстыі. Гэта лекі, з дапамогай якіх Боскі Лекар нас лечыць і сілкуе, падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што на заканчэнне дыялогу з фарысеямі Езус прыгадаў словы прарока Осіі: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Імі прарок папракаў ізраільскі народ, за тое што яго малітвы былі пустымі і непаслядоўнымі словамі.

“Нягледзячы на запавет Бога і міласэрнасць, народ часта меў “фасадную” рэлігійнасць, не перажываючы глыбока загад Пана. Вось чаму прарок настойвае: “Міласэрнасці хачу” – гэта значыць вернасці сэрца, якое прызнае свае грахі, якое прызнае свае пымылкі і зноў становіцца верным запавету з Богам. “А не ахвяры”: без сэрца, якое пакаялася, кожны рэлігійны акт – бясплённы! Езус ужыў гэтыя прароцкія словы таксама ў адносінах да чалавечых стасункаў: тыя фарысеі былі вельмі рэлігійнымі па форме, але не былі гатовымі раздзяліць свой стол з мытнікамі і грэшнікамі, не разглядалі магчымасці прызнання сваіх памылак і таму не прызнавалі аздараўлення. Яны не ставілі міласэрнасць на першае месца: нават будучы вернымі ахоўнікамі Закона, дэманстравалі няведанне Божага сэрца!”, - лічыць Пантыфік. 

Францішак заклікаў вернікаў, вучыцца глядзець на іншых людзей з міласэрнасцю і сядаць за стол Хрыста разам з Яго вучнямі, паколькі кожны з нас мае патрэбу ў суцяшальных словах Езуса. 








All the contents on this site are copyrighted ©.