2016-04-16 10:18:00

Францішак павіншаваў Бэнэдыкта XVI з днём нараджэння


16 красавіка 2016 г. Бэнэдыкт XVI адзначае сваё 89-годдзе. Папа Францішак нагадаў аб гэтым падчас пералёту з Рыму ў грэчаскі горад Міціліні, адкуль затым накіраваўся на сустрэчу з бежанцамі на востраве Лесбас. Пантыфік заклікаў маліцца за свайго папярэдніка на Пасадзе св. Пятра і скіраваў яму свае самыя цёплыя і сардэчныя віншаванні, “просячы Пана, каб працягваў благаслаўляць Яго каштоўнае служэнне блізкасці і малітвы за ўвесь Касцёл”.

З нагоды дня нараджэння Бэнэдыкта XVI, вялікага аматара класічнай музыкі, у Ватыкане пройдзе святочны канцэрт. Аркестр італьянскага горада К’яры (Orchestra Filarmonica della Franciacorta) выканае тры з шасці квартэтаў, якія Моцарт прысвяціў свайму сябру Францу Ёзэфу Гайдну. Яны лічацца аднымі з самых сталых твораў кампазітара.

Разам з імяніннікам на музычным вечары будзе прысутнічаць яго брат, кс. Георг Ратцынгер, якому 15 студзеня 2016 г. споўніліся 92 гады. Месцам правядзення канцэрту стане старажытны палац Льва ХІІІ у Ватыканскіх садах, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад кляштара “Mater Ecclesiae”. У ім Бэнэдыкт XVI пасяліўся пасля таго, як адмовіўся ад служэння на Пасадзе св. Пятра ў 2013 г. і адсюль працягвае падтрымліваць Касцёл сваёй малітвай. Менавіта сюды прыбываюць віншаванні ад вернікаў з ўсяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.