2016-04-18 13:28:00

Кардынал Паралін заклікаў Касцёл у Польшчы да місійнасці


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін заклікаў палякаў да абноўленага адкрыцця і ўмацавання веры, а таксама быцця ў свеце знакамі міласэрнасці і сведкамі ўваскрасення Хрыста. 16 красавіка 2016 г. бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца ўзначаліў ўрачыстую Эўхарыстую на стадыёне  “INEA” у Познані, з нагоды 1050-годдзя хросту Польшчы.

Пасланнік папы Францішка падкрэсліў, што гэта падзея стала пераломнай для ментальнасці і культуры палякаў. Каталіцкая вера аказала глыбокі ўплыў на гісторыю, мастацтва, літаратуру, грамадскія і палітычныя падзеі ўсёй краіны. Ён заўважыў, што Польшча была заўсёды вернай свайму хросту, нават у самыя смутныя і цёмныя моманты гісторыі, а моцная вера ўмацавала таксама надзею і сілу духа, баронячы палякаў, а таксама “захоўваючы і даючы цярплівасць і вытрывалаць у даверлівым чаканні Божага ўмяшання, якое праз заступніцтва Маці Божай Чэнстахоўскай заўсёды своечасова прыбывала”.

Кардынал Дзяржсакратар папярэдзіў польскіх вернікаў, каб не лічылі нічога дасягнутым аднойчы і назаўсёды. Кожнае пакаленне паклікана да сапраўднага і арыгінальнага засваення традыцый і каштоўнасцяў, якія яму былі перададзены, і рабіць так, каб атрыманы дар прынёс плёны ў новы гістарычны перыяд і пры новых абставінах, лічыць пурпурат.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пажадаў, каб галоўным плёнам святкавання 1050-годдзя хросту Польшчы стала ўмацаванне перакананасці ў тым, што кожны вернік і ўвесь Касцёл у Польшчы павінны быць "вучнямі-місіянерамі".

Галоўныя святочныя мерапрыемствы з нагоды святкавання юбілею хросту Польшчы, з удзелам кардынала Параліна, прайшлі 14-16 красавіка 2016 г. у двух гарадах: Гнезне і Познані.








All the contents on this site are copyrighted ©.