2016-04-26 12:28:00

Пантыфік прыняў адстаўку кардынала Артэгі


26 красавіка 2016 г. папа Францішак прыняў прашэнне аб адстаўцы з пасады арцыбіскупа Гаваны кардынала Хаймэ Лукаса Артэгі-і-Аламіна, якое іерарх падаў яшчэ ў 2011 годзе, пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту.

Новым арцыбіскупам Гаваны Пантыфік прызначыў арцыбіскупа Хуана Гарсію Радрыгеса, да гэтага часу ардынарыя архідыяцэзіі Камагуэй.

Кардынал Артэга кіраваў Гаванскай архідыяцэзіяй на працягу апошніх 35 гадоў. За гэты час карыбскі востраў наведалі тры Папы: Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Пастырскае служэнне іерарха было нялёгкім. Яшчэ будучы святаром ён быў асуджаны на знаходжанне ў працоўным лагеры, але нягледзячы на ціск з боку ўладаў заўсёды заставаўся прыхільнікам дыялогу. Пурпурат прыкладаў значныя намаганні для нармалізацыі адносін паміж Кубай і ЗША. Кардынал Артэга ствараў новыя парафіі, па яго ініцыятыве былі адрэстаўраваны каля 40 касцёлаў, пачало дзейнічаць мясцовае аддзяленне “Caritas”. Заснаваны ім архідыяэзіяльны інфармацыйны бюлетэнь “Aqui la Iglesia” стаў адным з першых каталіцкіх выданняў пасля ўстанаўлення камуністычнай улады на Кубе. 

Арцыбіскуп Хуан Гарсія Радрыгес нарадзіўся ў Камагуэй, у 1948 годзе. Вучыўся ў Гаване. Святарскае пасвячэнне атрымаў 25 студзеня 1972 года. Працаваў пробашчам у некаторых кубінскіх парафіях. Заснаваў і затым кіраваў Школай місіянераў архідыяцэзіі Камугуэй. Біскупскае пасвячэнне атрымаў у 1997 годзе, а праз пяць гадоў стаў арцыбіскупам Камагуэй.








All the contents on this site are copyrighted ©.