2016-04-26 11:37:00

Чарнобыльская трагедыя ў закліках Папаў


26 красавіка 2016 г. адзначаецца 30-я гадавіна аварыі на ЧАЭС. На мінулым тыдні папа Францішак сустрэўся з некаторымі ліквідатарамі з Беларусі і Украіны і заклікаў маліцца за ўсіх, хто дапамагаў пераадоліць наступствы гэтай катастрофы.

“Вітаю пілігрымаў, якія прыбылі з Украіны і Беларусі ў рамках міжнароднай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя трагедыі ў Чарнобылі. Зноў узносячы малітвы за ахвяр гэтай катастрофы, выказваем нашу ўдзячнасць ліквідатарам і прызнанне за ўсе ініцыятывы, пакліканыя аблегчыць пакуты і выправіць прычыненую шкоду. Хрыстус уваскрос!”, - сказаў Папа.

Візіт беларускіх ліквідатараў у Ватыкан стаў першым у гісторыі. Апостальская Сталіца, аднак, заўсёды ставілася з вялікай увагай да чарнобыльскай трагедыі. Ужо праз 11 дзён пасля выбуху Ян Павел ІІ казаў, што атамная энергетыка “можа пагражаць усяму чалавецтву нягледзячы на нацыянальныя межы”. 

На працягу свайго пантыфікату ён сустрэўся з мноствам рухаў, асацыяцый, сем’яў, парафій, якія дапамагалі ахвярам чарнобыльскай катастрофы. У 1995 годзе на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане прысутнічала група беларускіх дзяцей, якія прыбылі ў Італіію на аздараўленне. Да іх Ян Павел ІІ таксама скіраваў некалькі словаў.

“Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іх любоў да вас, беларускія дзеці!”, - казаў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI, падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 26 красавіка 2006 года, звяртаўся з адмысловым заклікам: 

“Менавіта сёння ўспамінаецца дваццатая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У сувязі з гэтым, адчуваю абавязак выказаць удзячнасць сем’ям, асацыяцыям, грамадзянскім уладам і хрысціянскім супольнасцям, якія на працягу гэтых гадоў працавалі, каб прымаць і лячыць дарослых і асабліва дзяцей, пацярпеўшых ад наступстваў гэтага трагічнага здарэння. Яшчэ раз узносячы малітву за ахвяр гэтай катастрофы, з такімі далёка ідучымі наступствамі, і за ўсіх, хто носіць на целе яе сляды, просім Пана аб святле для адказных за лёсы чалавецтва, каб у сумесным намаганні паклалі ўсе сілы на службу міру, павазе да патрэбаў чалавека і прыроды”.

У дзень успаміну трагедыі ў Чарнобыле, Касцёл у Беларусі моліцца за ўсіх яе ахвяраў. 26 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле пройдзе св. Імша ў гэтай інтэнцыі, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, а ў магілёўскай катэдры ў інтэнцыі ахвяр катастрофы на ЧАЭС памоліцца дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.